|
Кніга,
прысьвечаная “беларускай” вайне 1941-1944 г., была прэзэнтаваная ў пятніцу 9 лютага 2007 г. у Гістарычнай майстэрні і выклікала жывую цікавасьць у навукоўцаў, як дасьледчыкаў гэтай тэмы, так і ў тых, хто выкладае, або проста цікавіцца пытаньнем.
Праца дацэнта БДУ Кузьмы Козака “Германский оккупационный режим на территории Беларуси 1941-1944 гг.: Историография и источники”,прысьвечаная гістарыяграфіі нямецкага акупацыйнага рэжыму на нашай тэрыторыі, і што важна ў ёй аналізуюцца працы ня толькі дасьледаваньні нацыянальнай гістарычнай школы і расейскамоўная гістарыяграфія, але і нямецкамоўная, ангельскамоўныя, польскамоўныя, францускамоўныя працы. На прэзэнтацыі прысутнічалі дактары гісторыі Сяргей Новікаў, Эмануіл Ёфэ, Анатоль Шаркоў, дырэктар Нацыянальнага архіву Вячаслаў Селяменеў, а таксама студэнты і асьпіранты гісторыі.
Моцныя бакі працы К. Козака доктар Ёфэ ўбачыў у тым, што да гэтага часу не была вядомая колькасьць акупацыйных гарнізонаў у Беларусі, а былі толькі лічбы зьнішчаных савецкімі партызанамі фашыстоўскіх залогаў, дадатак да манаграфіі К. Козака запаўняе гэты прагал. Таксама выказваньні ўдзельнікаў дыскусіі засьведчылі факт, што да гэтага ў беларускай гістарыяграфіі фактычна не праводзілася пагадовае параўнаньне колькасьці савецкіх партызанаў з колькасьцю ўдзельнікаў пранямецкіх фармаваньняў. Такое параўнаньне сьведчыць пра неадэкватнасьць тэрміну “ўсенародная вайна”, бо толькі ў сярэдзіне 1943 г. колькасьць савецкіх партызанаў зраўнялася з лікам людзей у пранямецкіх фармаваньнях. Доктар Новікаў выказаў заўвагі наконт пэрыядызацыі савецкай гістарыяграфіі, якую на яго думку патрэбна падзяляць на 2 этапы да 1991 г. і пасьля 1991 г., бо ўвесь савецкі пэрыяд гістарычныя дасьледаваньні вайны знаходзіліся ў палоне камуністычнай ідэалёгіі.
У другой частцы імпрэзы была прэзэнтавана кніга “Никто не забыт”, прысьвечаная асобе дзяўчыны павешанай у Менску 26 кастрычніка 1941 г. у якой большасьць дасьледчыкаў і сьведкаў прызнае Марыю Брускіну, але з 1967 г. і да гэтага часу афіцыйна адмаўляюцца прызнаваць гэта ўстаноўленым фактам. Да 1967 г. гэта разглядалася, як неабвержны факт, але пасьля, падчас хвалі антысемітызму ў СССР, асоба павешанай была абвешчана “невядомай”.
Напрыканцы прэзэнтацыі, якую вёў гісторык-публіцыст і грамадзкі дзяяч Якаў Басін, была зроблена абвестка пра тое, што гэты год у многіх краінах абвешчаны годам памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсыяў. 16 чэрвеня адчасова ў 17 краінах сьвету пройдуць навуковыя канфэрэнцыі на гэту тэму, рыхтуюцца да выданьня шматлікія матэрыялы. У Беларусі таксама плянуецца выданьне зборніка (у 3-х тамах), прысьвечанага ахвярам камуністычнага тэрору супраць беларусаў.
Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |