Чачэн з выспавай дзяржавы Расія...
Так назваў сябе ў сваіх запісах аўтаспыншчык з 16-цігадовым стажам Антон Кротаў. Не, ён не чачэнец, а Расія і падаўна не выспа, але менавіта такі вобраз стварылі яму азіяты ды афрыканцы.
5 студзеня на гістфаку БДУ адбылося чарговае пасяджэнне Клубу па актуальных пытаннях гісторыі. На гэты раз выступоўца распавядаў не пра традыцыйныя гістарычныя віхуры, а пра аўтаспын. Адзначу, што гісторыі Антон Кротаў можа распавядаць доўга і з імпэтам.
Спадар Кротаў – адзін з заснавальнікаў АВП, Акадэміі Вольных Падарожжаў, якая з'явілася на свет у 1995 годзе і аўтар шматлікіх кніг па аўтаспыну. Падарожнічаючы па краінах СНД, Азіі і Афрыкі, Антон сцвярджае ісціну "калі ты па-добраму, то і да цябе будуць ставіцца добра". А таксама тое, што ў любой краіне можна знайсці паразуменне, ведаючы толькі шэсць слоў: бясплатна, можна, наўпрост, есці, спаць, тут. Грошы, лялькі і злосць – рэчы непатрэбныя.
Дык пры чым тут гісторыя? Яна – у кожным подыху чужога (ці проста іншага) паветра. Ні кніжкі, ні інтэрнэт не дадуць сапраўдных ведаў пра краіны, не парушаць стэрэатыпаў. Гэта зусім не тое, што свае асабістыя назіранні і зносіны з мясцовым насельніцтвам. Якое зараз стагоддзе?
А якая розніца! Праўда, інтэрнэт распаўсюджваецца па свеце з хуткасцю віруса і такіх аўтэнтычных выспачак робіцца ўсё меней і меней…
Ня спозьніцеся! Сайт АВП у інтэрнэце: www.avp.travel.ru.
 Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |