21 снежня у Музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 15) адбылася прэзентацыя кнігі маладога навукоўцы, выкладчыка факультэта міжнародных адносін БДУ сп.Ягора Новікава. Кніга мае назву “Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца ХІІ стагоддзя” том І. Надрукаваная яна ў выдавецтве Логвінава. Плануецца выдаць і том ІІ, але галоўная ўмова для гэтага - актыўнае набыццё першага тома чытачамі.
Сп.Новікаў напачатку прэзентацыі зрабіў прамову, патлумачыўшы, што яго падштурхнула да напісання манаграфіі. Таксама мы пачулі некалькі словаў і ад сп.Уладзімера Канановіча (навуковы рэдактар), сп.Алега Трусава (адзін з рэцэнзентаў), спн. Высоцкай (карэктарка). Прысутныя кнігай зацікавіліся і таму задавалі багата пытанняў. Самымі цікаўнымі аказаліся сп.Алесь Белы ды сп.Ігар Міхна.
Мы ж можам толькі канстатаваць факт: прэзентацыя сталася цікавай і ўдалай не толькі для аўтара кнігі, але і для аўдыторыі.
P.S. У межах “Клуба па актуальных пытаннях гісторыі” на пачатку новага года плануецца выступ сп.Новікава на гістфаку БДУ па тэме прэзентаванай кнігі.
Kandratowic
Асноўным прадметам працы з'яўляецца вайна, як важнейшы фактар палітычнай гісторыі, вывучэнне і аналіз якога дае ключ да разумення многіх падзей беларускай мінуўшчыны. Даследванне не засяроджваецца выключна на вузкаспецыяльных тэмах і мае сваёй мэтай шырокі аналіз розных бакоў вайны, які можа быць карысным і цікавым як прафесійным гісторыкам і аматарам гісторыі, так і ўсім занятым палітыкай і ваеннай справай.
Па сваім навуковым падыходзе і эмацыйнай афарбоўцы даследванне моцна адрозніваецца ад пануючага ў беларускай гістарыяграфіі этнаграфічна-культурнага ўхілу. Аўтар разглядае імкненне людзей да палітычнай магутнасці ў якасці аднаго з асноўных рухавікоў гісторыі і прасочвае эвалюцыю вайны ад інструмента ў барацьбе за магутнасць да самадастатковага фактару гісторыі.
Храналагічна даследванне абдымае так званы "далітоўскі" перыяд беларускай гісторыі, які цягнецца ад мяжы V – VI стст. да канца ХІІ стст. Першы том даследвання вабіць чытача ў малавядомыя “цёмныя” стагоддзі беларускай ваеннай гісторыі. Нашаму воку адкрываецца плынь славян на беларускія землі, якая была водбліскам падзення Рымскай імперыі і Вялікага перасялення народаў. На думку аўтара, менавіта мірнае і ваеннае ўзаемадзеянне прышлых славян з мясцовымі балцкімі грамадствамі заклала падставы ўзнікнення беларускага народу. Далей аўтар падрабязна разглядае час ваеннай дзейнасці нарманаў, за чыёй крывававй славай, апетай у сагах і летапісах, хаваецца іх неацэнны ўнёсак ва ўзнікненне і развіццё дзяржаўнасці на беларускіх землях.
Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: