Адбыліся навуковыя чытаньні, прысьвечаныя
Сьветлай памяці а.Вінцента Гадлеўскага
Чытаньні, прысьвечаныя Сьветлай памяці а.Вінцента Гадлеўскага прайшлі 23-га сьнежня ў Дольнай залі Касьцелу Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены (пл.Незалежнасьці), дзе ён працаваў і адкуль ён быў забраны і вывезены на пакутніцкую сьмерць у Трасьцянец.
Склад выступоўцаў быў вельмі прадстаўнічы. Дастаткова згадаць імёны такі зь іх як, Рыгор Барадулін, Народны пісьменьнік Беларусі,
Уладзіслаў Завальнюк, к.г.н., ксёндз-магістар, пробашч Касьцела Св.Сымона і Св.Алены,
Яўген Цумараў, старшыня ГА “ГМФ “Трасьцянец”, Леанід Лыч, д.г.н., прафэсар, Уладзімер Конан, д.ф.н., прафэсар,
Сяргей Ёрш, журналіст,
Эмануіл Ёфэ, д.г.н., прафэсар,
Ігар Кузьняцоў, к.г.н., выкладчык БДУ,
Кузьма Козак, к.г.н., кіраўнік Гістарычнай майстэрні (ММАЦ) і інш.
Вінцэнт Гадлеўскі
(16.11.1888 — 24.12.1942) —
рыма-каталіцкі сьвятар, палітык, публіцыст, перакладчык, выдавец.
А таксама — падпольшчык, палітвязень.
Ягонае жыцьцё надзвычай багатае на падзеі, ягоная творчая спадчына дагэтуль належным чынам не дасьледаваная.
Вінцэнт Гадлеўскі далучыўся да беларускага руху напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Побач з душпастырскай дзейнасьцю малады сьвятар праводзіў і беларускую патрыятычную працу сярод вернікаў. У сьнежні 1917 году Вінцент Гадлеўскі бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе. У 1918 г. ён уваходзіў у склад Рады БНР і ўдзельнічаў у абвяшчэньні дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Быў адным з заснавальнікаў і ідэолягаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
У міжваенны час Вінцэнт Гадлеўскі жыў у Заходняй Беларусі, якая згодна з Рыжскай дамовай была аддадзеная Польшчы. Быў пробашчам у мястэчку Жодзішкі ў цяперашнім Смаргонскім раёне. За беларускую патрыятычную дзей-насьць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, два гады правёў у варшаўскай турме. Зьняволеньне толькі загартавала ягоны характар.
Гадлеўскі шмат друкаваўся, часта пад псеўданімамі. Ён пераклаў на беларускую мову «Новы запавет», які ў 1939 г. выйшаў асобным выданьнем у Вільні. Ад 1936 г., пасьля выхаду з БХД, Вінцэнта Гадлеўскі распачаў выданьне газэты «Беларускі фронт», рыхтаваў глебу для стварэньня Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ён быў перакананы, што дасягнуць зьдзяйсьненьня ідэалаў беларускага народу мажліва толькі зрабіўшы стаўку на свае ўласныя сілы, пазьбягаючы зьнешніх уплываў. Публіцыстыка «Беларускага фронту» вельмі актуальная і сёньня.
У гады Другой сусьветнай вайны Вінцэнт Гадлеўскі арганізаваў беларускі нацыянальны антынацыскі рух Супраціву. Ён здолеў уключыць у яго патрыятычную моладзь, запаліць у іх сэрцах змагарны агонь. На той час Вінцэнт Гадлеўскі зьяўляўся самым аўтарытэтным беларускім дзеячом. Адначасова з палітычнай дзейнасьцю ён займаўся дзейнасьцю душпастырскай, працаваў галоўным школьным інспэктарам і прыклаў вялікія намаганьні для беларусізацыі школьніцтва.
У 1942 г. зь яго ініцыятывы распачалася падрыхтоўка да разгортваньня шырокай анты-нацыскай барацьбы, зьявіўся падпольны друк. Вясной 1943 году, у адпаведнасьці з плянам Вінцента Гадлеўскага, беларускі актыў і вайсковыя фармацыі мусілі сыйсьці ў лес для арганізацыі нацыянальнага партызанскага руху.
Аднак нямецкія спэцслужбы атрымалі інфармацыю пра падпольную дзейнасьць Вінцэнта Гадлеўскага і ягоную ролю ў Супраціве. У Бэрліне было прынятае рашэньне пра ліквідацыю Гадлеўскага. 24 сьнежня 1942 году яго арыштавалі супрацоўнікі СД і ў той жа вечар расстралялі ўва ўрочышчы Благоўшчына ў Трасьцянцы пад Менскам.
Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |