Слава Воршы...
26 лістапада - дзень Народзінаў усемі намі любімага Ўладзімера Караткевіча.
Пачынальніка беларускай гістарычнай прозы, паэта, публіцыста і, што нямалаважна,
проста сапраўднага беларуса.
Думаю, кожны з вас трымаў у руках яго кнігі: "Каласы пад Сярпом тваім", "Дзікае
паляванне караля Стаха", "Чорны замак Альшанскі", " Ладдзя роспачы", "Хрыстос
прызямліўся ў Гародні", "Нельга забыць"... Нібы паўсталая зь дзіцячай мары, машына
часу, яны пераносяць нас на стагодзьдзі таму, зачароўваюць прыгажосьцю слова і
глыбінёй думак. Да гэтых кніг, здаецца, нельга быць абыякавым, як нельга быць
абыякавым да асобы Караткевіча.
Вось таму і сабраліся мы па караткевічавых мясьцінках, з завітаньнем у музэй
пісьменьніка ў Воршы: у гэты дзень былі заплянаваныя некалькі сьвяточных імпрэзаў,
прысвечаных дню Народзінаў гэтага выбітнага Чалавека.
Ворша сустрэла нас шэрасьцю нябёсаў ды прамозглай восеньскай сырасьцю. Экскурсію
па горадзе згадзіўся правесьці мясцовы краязнаўца - спадар Віктар. Нашае знаёмства
з Воршай пачалося ад Куценінскага мужчынскага манастыра. Усіх нас вельмі ўразіў
расповед пра падземны храм і падземныя хады, што былі тут калісьці. Пазьней мы
наведалі гістарычны цэнтр, помнік "Кацюшы" (як стала вядома, першыя такія ўстаноўкі
былі выкарыстаны менавіта пад Воршай), па адной з вузенькіх вулак праехалі да бацькоўскага
дому Ўладзімера Караткевіча.
На жаль, часу катастрафічна не хапала, таму мы так і
не патрапілі ў этнаграфічны музей "Млын", але, дай Божа, не апошні раз у гэтых месцах,
дый будзе нагода вярнуцца.
А ў музэі нас ужо чакалі, сустрэлі ўсмешкамі ды цеплынёй сваіх сэрцаў... Тут любяць
Караткевіча, тут любяць Беларусь. У гэтых сьценах 76 год таму ён нарадзіўся, раней
гэта быў радзільны дом. Будынкі маюць магчымасьць захоўваць, запамінаць інфармацыю.
Гэты дом спрадвек дарыў радасьць. Спачатку радасьць Нараджэньня. А цяпер радасьць
дакрананьня да культурных каштоўнасьцяў. Тут музэй. Энэргетыка
Караткевіча. Кнігі зь ягонымі аўтографамі, фотаздымкі, працоўны стол. А яшчэ тут вітае,
нібы прывідам, адчуваньне Беларусі, нязломнага беларускага духу...
На сам рэч, тут усё наша... і ўсё пра нас.
Падымаемся на другі паверх, рассажваемся. Асабіста я ведаю некалькі чалавек, але твары навокал сьветлыя, вочы глыбокія...і самае галоўнае, нібы родныя. Нейкае пачуццё еднасьці, адчуваньне таго, што нягледзячы на ветры ды туманы жыцьця, негледзячы ні на што, нас шмат чаго яднае, яднае любоў, ва ўсіх яе колерах і адценьнях. Любоў да мовы, культуры, гісторыі, і што, самае галоўнае, мы разам.
У гэты вечар шмат чыталі з Караткевіча, і нават пелі. Жартавалі і сумавалі.
Падпявалі. Прагаворвалі. Уголас ды цішком.
А напрыканцы прагучала выдатная песьня, на словы аднога з вершаў Уладзіміра
Караткевіча.
Я мару, што надыйдзе час, калі яна будзе нашым гімнам. А
пакуль, пакуль яна прагучала там. З кожным словам падпявала ўсё болей
людзей, нарастаючай хваляй. І сьлёзы на вачах:
Ты - наш край.
Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць,
Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому
Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі ня кінем,
Ня кінем,
Ня кінем цябе.
Пасьля заканчэньня імпрэзы супрацоўнікі музэю зладзілі нам цудоўную экскурсію, азнаёміўшы нас з жыцьцёвым і творчым шляхам пісьменьніка.
А ён.. нябачны.. напэўна, быў дзесьці сярод нас. А можа паглядаў звысок, адтуль, дзе ужо шмат беларусаў, адтуль, дзе, спадзяюся, так жа добра разумеюць па-нашаму, па-роднаму. І напэўна ж, ён пасьміхаўся...
Тася