Яшчэ адзін былы...
Былы маёнтак, ды і любая гістарычная пабудова, з’яўляецца часткай “жывой” гісторыі, таму яны асабліва патрабуюць нашай увагі. Гэты маёнтак “Каралін” у Валожынскім раёне Мінскай вобласці быў пабудаваны ў XIX ст. і належыў Храптовічу, а потым – Сіняўскім. Пазней ён быў перабудаваны ў 1948 годзе. У савецкія часы ў будынку месцілася тутэйшая школка.
Маёнтак, на жаль, стаў ахвярай гістарычнай неадукаванасці і гаспадарчай актыўнасці мясцовых жыхароў, і зараз уяўляе сабой сумнае відовішча. Таму актыўная падрыхтоўка помніка да зімовага перыяду носіць актуальны характар. І таму ў “Каралін” ў суботу 18 лістапада быў накіраваны дэсант дапамогі ў складзе маладых гісторыкаў, непасрэднага цяперашняга ўласніка і проста людзей з актыўнай грамадскай пазыцыяй. Маёнтак складаецца непасрэдна з будынка маёнтка, вялікага парка, былой каменнай стайні і маленькага вазерца.
Па прыбыцці на месца часткі групы (па пэўных абставінах мы былі вымушаны ехаць туды паасобку) быў жвава разнесены стары сарай, у выніку чаго з’явілася шмат будматэрыялу. Пазней поўным складам працаўнікоў быў дакрыты дах і вычышчана пару пакояў ад смецця.
Рыхтаваць абед і вячэру выпала на свежым паветры перад маёнткам, што стварала асаблівую абстаноўку. А клапатлівая Аня нават пачаставала нас смачнымі блінцамі са згушчонкай. Вечар мы бавілі ля вогнішча з гарбатай, песнямі і жартамі. Мясцовы знаёмы дзядок (бацька якога яшчэ быў “отракам” у ўладальніка маёнтка) дазволіў правесці ноч у яго хатцы. Раніца ў нас атрымалася з сялянскім каларытам – пад’ём у 7:00 раніцы і адразу працаваць, каб заслужыць смачны сняданак. Хутка перад ганкам маёнтка вырасла вялікая груда цэглы, а ўсе пакоі былі вычышчаныя ад смецця.
Пасля непрацяглага развітання з дзядулям і яго катком Васіліем (з дзедавых слоў – заўв. аўтара) мы рушылі на прыпынак аўтобуса – “Мінск-Трабы”. Трохгадзінны пераезд і мы сустракаемся з сталіцай на цэнтральным аўтавакзале. Задаволенныя, галодныя, адпачыўшыя і пранізаныя дымам вогнішча мы вярталіся дамоў.
Такім чынам, цікавае падарожжа да гістарычнага будынка з выкананнем карыснай працы скончылася глыбокім душэўным задавальненнем. А пэўныя людзі гатовы яшчэ не адзін раз правесці такім чынам выходныя…
dzemidok
Колькасць каментароў (2) - Ваш каментар: