Лошыцкі парк — адна з самых прыгожых, багатых на гісторыю і, адначасова, таямнічых мясцінаў Менска. Пра таямнічасць гэтага месца можа сведчыць той факт, што агромністая колькасць менчукоў не толькі ніколі там не былі, але нават не ведаюць пра яго існаванне.
Тым больш няма сэнсу ў іх пытаць пра тое, ці існуюць у Лошыцы праблемы. Можна зрабіць выснову: “няма Лошыцы — няма праблемаў”. Ці так яно на самой справе? Вельмі спадзяюся, што не так, бо мясціна сапраўды цікавая.
Сучаснасць.
Лошыцкі парк быў аб’яўлены помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры, яшчэ ў 1988 годзе. Тады існавалі светлыя надзеі, што справы ў ім наладзяцца. Але ішоў час, мяняліся кіраўнікі... што ж памянялася з той пары? З гэты час паспела згарэць унікальныя канюшня (1997-ы), у 1999 годзе выкасілі бур’ян, потым з’явіліся новыя дарожкі, драўляная вежа, ліхтары (якія пасвяцілі тры дні ды згаслі), сталі ладзіцца рыцарскія фэсты. Ды ў гэтым годзе у ноч з 29 на 30 верасня згарэў былы бровар, былы рэкціфікацыйны цэх пана Яўстафія Любанскага. Ад прыбудова, у якой раней была сталоўка для працоўных, засталіся толькі сцены. Па большай частцы вонкавыя. Галоўны будынак (шыльда сведчыць нам аб 1896 годзе) пацярпеў меней. Пасля апытання мясцовых жыхароў, гісторыя склалася прыкладна такая: Ужо з дзесятак год, людзі, што пражываюць па іншым баку ад плаціны, чакаюць калі іх пераселяць. Некаторыя жыхары месцяцца ў былым, двухколавым Белым млыне, (таксама помніку 19-ага стагоддзя). Некаторыя жылі і ў будынку былога бровару. Пры чым, прапісаныя там былі тры чалавекі. Астатнія жылі нелегальна. У чэрвені прапісаным жыхарам далі кватэры і яны з’ехалі. Дом стаў прытулкам для людзей без пэўнага месца жыхарства. Яны, па меркаванню мясцовых, па неасцярожнасці дом і спалілі.
Адказнасці, канешне, за гэта ніхто несці не будзе. Тым больш, што будынак стаіць у спісе пад знос. Рэч у тым, што ўсё тое, што ляжыць на іншым беразе Лошыцы не з’яўляецца тэрыторыяй Ленінскага раёна, не лічыцца гістарычным помнікам і не ўваходзіць у садова-паркавы комплекс. Ні старажытная крынічка з крыштальна-чыстаю вадою, ні Белы млын, ні вінакурня Любанскіх, ні сядзіба, якую пабудаваў пан Любанскі для сваёй працоўнай, калі ёй на вытворчасці сечкаю адрэзала пальцы і яна больш не магла працаваць (Дарэчы, гэтую гісторыю дагэтуль вельмі любяць успамінаць мясцовыя жыхары як прыклад панская дабрыні).
Жыхары распавялі, што ўсе пабудовы па гэты бок Лошы, плануецца знесці ў прамежку часу ад 2006-ага да 2010-ага году. Канешне, дакладнага тэрміну пакуль няма, але жывуць жыхары, як яны самі выразіліся, “на чамаданах”. Рамонт не робяць у чаканні, што хутка з’едуць. А пабудовы зруйнуюць і пабудуюць гатэль.
Гэта значыць, што гісторыя развіцця капіталістычных адносінаў на Беларусі, гісторыя навацый канца 19-ага - пачатку 20 стагоддзя пойдзе пад знос. Таму што для кагосьці вінакурня дагэтуль звязана толькі з пладова-ягадным савецкім віном “Сонцедар” за 90 кап, эфект якога, як жартуюць мясцовыя, быў быццам ад сонечнага ўдару.
Яшчэ адной нядаўняй зменай можна лічыць ад’езд з Лошыцы коннага клуб “Продыус” Пасля яго ад’езду на ўсю Лошыцу застаўся адзін конь. Было два, але аднаго вельмі па-дурному загубілі. Калі ў таго пачалі ацякаць ногі, ветэрынар параіў абкласці іх на пэўны час глінаю. З канём, відаць, вазіцца не хацелася, таму яго проста паставілі ў халодную вадкую гліну, а дакладней ў брудную лужыну, дзе той змерз, застудзіўся і памёр. Вось так усё ў Лошыцы звычайна і робіцца.
Неахайнасць мясцовых працоўных і кіраўніцтва можна яскрава ўбачыць і праз такі прыклад.
У пачатку верасня гэтага году, Галіна Мікалаеўна Кузьміч (мясцовая энтузіястка, што спрабуе зладзіць грамадскае аб’яднанне з мэтай захавання Лошыцкага парку), выпадкова натрапіла на такую “карцінку”: працаўнікі парку зладзілі гулянку ў самім будынку сядзібы (які дарэчы, знаходзіцца ў аварыйным стане). Пасля скаргі ў адміністрацыю Ленінскага раёну і ў “Минскзеленсрой”, былі атрыманыя два лісты прыкладна аднолькавага зместу. У іх казалася, што факты не пацверджаныя, і што ў сувязі з адсутнасцю памяшкання ў сядзібе часам праводзяцца вытворчыя нарады.
Цікава было даведацца, што законам прадугледжаны спецыяльныя нарады з распіваннем спіртовых напояў і гучнай музыкаю. Да таго ж ў нядзелю - выходны для большасці працуючых у Лошыцы. Ды яшчэ ў будынку 19-ага веку ў аварыйным стане...
Дарэчы, наконт сядзібы. Рэканструкцыя ідзе вельмі марудна. Нават хутчэй стаіць, чым ідзе. Зліў вадасцёкавых трубаў працуе дрэна і вясною унутры памяшкання каторы год дараду ўсё цячэ. Пра тое што там творыцца ўнутры страшна і казаць. Як і пра тое, напрыклад, як фарбуецца сядзіба звонку. Тут нікому няма справы да рэдкага “разынкавага” муру. Робіцца абы зрабіць. І хаця канешне гэта ўсё зразумела, што працуюць не прафесіяналы (ды яшчэ за мізэрныя грошы), але ставіцца так да архітэктурных помнікаў з такой гісторыяй недапушчальна. А на гісторыю Лошыца сапраўды багатая.
Гісторыя:
Афіцыйна, першай пісьмовай згадкай пра Лошыцу лічыцца 1557 год (Літоўская метрыка) І хаця дакладна невядома, ці тычыўся запіс менавіта Падменшчыны, гэта версія ўсё ж лічыцца асноўнай. Па ёй уздоўж плыні рэкаў Свіслачы і Лошы, размяшчаліся Лошыцкі Двор князя Талачынскага, Сухая Лошыца князя Адзінцова, Лошыца Гарнастаеўская і іншыя сядзібы. Далейшымі валадарамі маёнтку былі Тышкевічы, Валадковічы, Друцкія-Горскія… Найбольшага росквіту Лошыца дасягнула за Прушынскімі ў XVIII—ХІХ ст. За гэты час тут перабывала шмат высокіх госцяў, у тым ліку апошні кароль Рэчы паспалітай Станіславаў-Аўгуст Панятоўскі і расійскі імператар Павел I. Ледзь пазней у лошыцкім парку нярэдка шпацыравалі па алеях пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і кампазітар Станіслаў Манюшка.
У 1877 году маёнтак ад Прушынских па жаночай лініі пераходзіць да Яна Любанскага. Апошнім уладальнікам Лошыцы стаў сын Яна – Яўстафій Любанскі вельмі актыўны чалавек, які разгарнуў тут шматбаковую дзейнасць. Ён узначальваў першае таварыства менскіх веласіпедыстаў, быў старшынёй камітэта менскай лясной біржы, сябрам Менскага сельскагаспадарчага грамадства. Ён ператварыў маёнтак у адну з самых перадавых гаспадарак Менскай губерні, рэканструяваў сядзібу, гаспадарчыя пабудовы, пры ім сфармаваўся пейзажны парк. Па сутнасці, сядзібна-паркавы комплекс дайшоў да нас у тым выглядзе, якім ён склаўся пры Яўстафіі Любанскім.
З і ім і ягонай жонкаю Ядвіга, у дзявоцтве Кеневіч, звязаная легенда, якую не адно дзесяцігоддзе пераказваюць лошыцкія жыхары. Кажуць, што пані Ядвіга ў 1905 годзе ўтапілася ў Свіслачы з-за няшчаснага кахання да (тут думкі разыходзяцца): ці то графа Чапскага, ці то менскага генэрал-губэрнатара Мусіна-Пушкіна,ці то сына кіраўніка маёнтку. Ёсць яшчэ версія, што гэта быў невядомы малады гусар ці, нават, сам Павел Курлоў (апошнія чуткі, відаць, звязаны з тым, што Яўстафій Любанскі ў 1906 году аказваў падтрымку эсэрам, якія рыхтавалі напад на губернатара). Ядвігу пахавалі ў падзямеллях капліцы, дзе звычайна хавалі ўладальнікаў Лошыцы. Пасля смерці жонкі Яўстах Любанскі закінуў гаспадарку, потым ў 1912 годзе пакінуў сядзібу, з’ехаўшы на Каўказ, дзе хутка і памёр. У 1935 годзе Капліцу зруйнавалі. Труну Ядвігі пераплавілі на акумулятары для машынна-трактарнай станцыі. Рэшткі памерлай, роўна як і іншых прадстаўнікоў дынастыі Прушынскіх, пры гэтым былі пахаваныя непадалёк, а затым разрабаваныя. Дарэчы распавядаюць, што капліца была пабудавана там, бо месца тое лічылася ў свой час нячыстым. Месцаў такіх у парку, па легендах, шмат. Акрамя характэрных для беларускіх уяўленняў чарцей, што забіваюць уначы пьяных на развалінах былога дванаццаціколавага млыну, ёсць сведкі і пра сапраўдныя жудасныя забойствы, але здзейсненыя ўжо людзьмі. Афіцыйна ўстаноўлена, што ў 30-я гады на тэрыторыі парку рэпрэсіўныя органы расстрэльвалі людзей. Месца, абнесенае калючым дротам, называлася “Чорным Ярам”. Дзе менавіта знаходзяцца рэшткі забітых, яшчэ трэба высветліць (У перспектывах было б нядрэнна паспрабаваць сабраць пра тое месца матэрыял і правесці даследаванне). У свой час, затуляючыся шыльдаю сельгасінстытуту, у былым доме мельніка праходзіла навучанне дыверсійная брыгада беларускіх чэкістаў, адкуль у суседнюю Польшчу закідваліся "народныя мсціўцы". З ваеннай гісторыі можна прыгадаць, што ў сядзібе атабарыўся вяршок нямецкіх акупацыйных уладаў на чале з менскім абласным камісарам У. Фрайтага. Сюды часам наведваўся і сам Кубэ. Мясцовыя старажылы ўспамінаюць, як фашысты звазілі на машынах у парк партыямі па 20 - 30 чалавек, пераважна габрэяў – расстрэльваць. Некалькі год таму ля сядзібы працоўныя знайшлі рэшткі двух забітых афіцэраў. Што з іхнімі рэшткамі сталася, мне так і не стала зразумела, бо мясцовых жыхароў больш цікавілі знойдзеныя ў немцаў рэчы: залатыя пярсцёнкі, медальёны, асадка “Паркер”. (Цікава было б даведацца, як так адбылося, што немцаў не разрабавалі раней?) Тым хто цікавіццца гісторыяй Лошыцы раю пашукаць кнігу Ю.В.Кур’яновіча “Аповеды старсвецкай Лошыцы” (2005). Вось толькі шкада, што кніга выйшла толькі ў 180-ці экзэмплярах.
Калі ж казаць пра сам парк, нельга забыцца на тое, што акрамя ўсяго іншага, Лошыца - гэта сапраўдны музей раслінаў. Каля 10 тысячаў гадоў назад у раёне Лошыцы праходзіла мяжа, на якой спыніўся апошні ледавік. Таму ў гэтых месцах назіраюцца 32 разнавіднасці глебы! А да таго ж больш за 400 біялагічных відаў (дрэў, хмызнякоў, травы, казурак, жывёлінаў і птушак). Рэдкія расліны пачаў завозіць сюды яшчэ Я. Любанскі. А ў 1925 годзе раслінамі заняўся беларускі філіял Усесаюзнага інстытута раслінаводства, пад кіраўніцтвам Н. Вавілава.
Вакол тутэйшых раслінаў ходзяць шматлікія легенды. Так на беразе Свіслачы стаіць манчжурскі абрыкос Па легендзе Я.Любанскі пасадзіў яго у тым месцы, дзе знайшлі цела яго жонкі. Лошыцкія старажылы распавядаюць: апоўначы, у пару красавання абрыкоса (заквітае ён па легендзе звычайна на дзень народзінаў Ядвігі – 7-ага красавіка), тут можна сустрэць яе прывід. Лічыцца, што яна можа дапамагчы закаханым слушнымі парадамі.
Акрамя ўсяго іншага, ёсць яшчэ ў Лошыцкім парку так званы заручальны дуб. Сюды прыходзяць прасіць здароўя, кахання, сяброўства ды творчага натхнення.
Расліны парку таксама патрабуюць дагляду. У вясну браканьеры-са-слоікамі - аматары бярозавага соку-прыходзяць псаваць сякерамі векавыя бярозы. А не далей як у мінулым годзе, пракладваючы новыя трубы паміж дрэваў парку, працоўныя на доўгі час пакінулі зголеныя карані на паветры. Надвор’е зрабіла сваё - шмат дрэваў па-просту пасохла. Адно будуем – другое руйнуем...
На сам рэч пра Лошыцу можна распавядаць і распавядаць. Але адных расповедаў не хапае, трэба яшчэ і дзейнічаць. І хаця, гэта добра, што ёсць усё ж такія людзі, як Галіна Мікалаеўна Кузьміч, што гатовы садзіць свае нервы і здароўе каб захаваць Лошыцу для сваіх унукаў, але адзін у полі не воін. Менш валакардзіну – больш справы. Час і нам ісці на дапамогу.
План такі. Па першае, галоўнае, што непасрэдна мы можам ( і што трэба рабіць) – гэта распаўсюджваць інфармацыю. Трэба зацікаўліваць людзей, трэба прыцягваць іх увагу. Трэба рабіць так, каб праблемы Лошыцы сталі агульнавядомымі, каб усе агулам мы іх маглі потым вырашыць.
Для гэта:
МГА "Гісторыка” прапануе усім, хто зацікаўлены Лошыцкім паркам і ягонай будучынёй, прыняць ўдзел у распрацоўцы сайту, прысвечанага Лошыцы, яе гісторыі і сучаснасці.
Нам патрэбны гісторыкі для збору дасканалай інфармацыі.
Нам патрэбны тыя, хто валодае ВЭБ-дызайнам, для непасрэднай распрацоўкі сайту.
Нам патрэбны матэрыял: вашы фотаздымкі, артыкулы, вершы, проза, малюнкі – усё звязанае з Лошыцай.
Нам патрэбны добраахвотнікі, для апытвання старажылаў і збірання “жывой інфармацыі” – легенд, баек, чутак і г.д.
І, канешне, нам патрэбны вашы ідэі!
Далучайцеся! Будзем разам!
(Вялікі дзякуй Галіне Мікалаеўне Кузьміч за грунтоўны пяцігадзінны расповед, а таксама Таццяне Яінай за дапамогу ў збіранні інфармацыі)
Аляксандра Давыдзенка Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |