З гэтай нагоды 25 ліпеня беларускае адьдзяленьне міжнароднай грамадскай арганізацыі “Зялёны крыж” ладзіла вандроўку ў вёску Верхмінь, дзе засталіся рэшткі калісьці вялікай і знакамітай вучэльні. З тых часоў захаваліся асобныя камяні з падмурку будынку школы, напалову зруйнаваная настаўніцкая, шыкоўныя старажытныя ліпы ды памяць пра вучэльню, дзе выкладаў Якуб Колас, які апісаў і яе, і гэтыя цудоўныя маляўнічыя мясціны, і свой прыезд у Верхмінь у трылёгіі “На ростанях”.
Пра прычыны такога стану верхміньскай вучэльні няма як і запытацца, бо яе назва цяпер нададзеная школе ў вёсцы Алесіна, што знаходзіцца на адлегласьці кілямэтру. У алесінскай школе, што была пабудаваная напрыканцы 1960-х, створаны музэй Якуба Коласа, дзе захоўваецца колькі рэдкіх кніг і рэчаў пісьменьніка, а таксама школьны тэатар, які ставіць замалёўкі па матывах трылёгіі “На ростанях”. Няма толькі ўвагі да сьценаў, у якіх сапраўды працаваў і разважаў Якуб Колас.
Акрамя ўдзельнікаў летніка, які заарганізаваў пад Смалявічамі “Зялёны крыж”, Верхмінь наведалі вядомы навукоўца Адам Мальдзіс, малодшы сын Якуба Коласа – Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, супрацоўнікі Інстытута літаратуры Наталя Дзенісюк і Алена Васілевіч, выканаўчы дырэктар МГА “Гісторыка” Зьміцер Рагачоў.
Доктар філялягічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс прачытаў цудоўную лекцыю на тэму “Беларусь і беларусы ў кантэксьце культуры Заходняй Еўропы”, а таксама правёў конкурс на лепшага знаўцу тых беларусаў, якія шмат зрабілі для навукі і культуры іншых народаў.
Міхась Канстанцінавіч падзяліўся ўспамінамі пра бацьку, пра гісторыю напісаньня трылёгіі, з гумарам і цеплынёй згадваў пра дзяцінства і юнацтва, паказаў фатаздымкі зь сямейнага архівў.