Афіцыйная бачына МГА "Гісторыка" Мiсiя МГА „Гiсторыка“: Разьвiцьцё нацыянальнай гiсторыка-культурнай iдэнтычнасьцi беларускай моладзi шляхам правядзеньня адукацыйна-асьветнiцкiх мерапрыемстваў
Галоўная arrow Контрфорс arrow Контрфорс arrow “Наваградзкі замак-2006”: Фэст пад чырвонымі вежамі
Аўтарызацыя





Забылі пароль?
Яшчэ не зарэгістраваныя? Рэгістрацыя
Наш Банер

www.historyka.org
“Наваградзкі замак-2006”: Фэст пад чырвонымі вежамі Версія для друку Адправіць на E-mail
Рэйтынг: / 1
ГоршаяЛепшая 

Сябры “Гісторыкі” ў якасьці валянтэраў працавалі на Наваградзкім фэсьце і прывезьлі адтуль шмат уражаньняў. Гэта былі тры дні і две начы, якія наўрад ці хутка забудуцца. Як ўсё было, спытаеце?

“Наваградзкі замак-2006”: Фэст пад чырвонымі вежамі

Цяпер, калі ўжо адзьвінелі мячы ды адпелі стрэлы IV-га Фэсту сярэдневечнай культуры “Наваградзкі замак-2006”, можна прыгадаць, як усё гэта было. Апошні дзень чэрвеня для арганізатараў Фэсту выдаўся нялёгкім: часу да адкрыцьця засталося зусім нямнога, а працы ж яшчэ зрабіць колькі трэба! Да вечару сабраліся амаль усе заяўленыя рыцарскія клюбы. Пакуль што не ў рыцарскім адзеньні, яны не выглядалі як магутныя волаты, якіх малюе нам гісторыя. У асноўным гэта былі хлапцы гадоў па 20-25. І пакуль рыцары рэгістраваліся, афармлялі страхоўку, мне ўсё думалася: “Як жа яны носяць на сябе па 30 кг жалезьзя? Ладна, каб проста насілі, дык яны яшчэ і мячамі махаюць!..”

Арганізоўвалі Фэст Ігар Міхна, Арына Вячорка ды “Менская вунія “Меч і крумкач”, вялантэрская каманда з МГА “Гісторыка”. Неслабую дапамогу аказаў Наваградскі райвыканкам, але ж прамову яго старшыні гледачы, пэўна, будуць яшчэ доўга згадваць — найперш празь гераічную спробу паказаць пераемнасць вайсковых традыцыяў ВКЛ — БССР — РБ.

Наваградак — невялікае 30-тысячнае мястэчка, але ж зямля гэтая добра палітая крывёй і ліцьвінаў, і крыжакаў. Чырвоныя вежы Наваградзкага замку сьведчаць пра дзівосную адвагу людзей, якія абаранялі замак і ягоных жыхароў. Менавіта тут, у Наваградку, першы вялікі князь літоўскі Міндаў прыняў хрысьціянства лацінскага абраду і быў каранаваны з дабраславеньня Папы Іннакенція IV. Менавіта тут, пад вежамі, ў 1394 годзе адбылася знакамітая бітва паміж тэўтонцамі і ліцьвінамі. Такія думкі прыходзяць да кожнага, хто кранае рукою магутныя сцены замка і спрабуе адкалупаць ад яе каменьчык на шчасьце...

Ужо даўно прабіла поўнач, а святло ў раённым доме культуры ўсё не згасала. Да пачатку Фэсту заставаліся лічаныя гадзіны. А пакуль, напярэдадні сьвята, горад здаваўся зусім пустым, ціхім, быццам нічога ў ім не адбываецца, толькі нерваваліся арганізатары ды ладкавалі рыцары свой стан на Замкавай гары. Заўтра іх чакаў цяжкі дзень: турніры і бугурт.

Раніца 1-га ліпеня накрыла Наваградак хваляй сьвяточнага настрою. Празь сьпевы і музыку чуўся гоман гандляроў: яны раскладалі свой тавар, спакушалі народ падысьці. Крычаўскія фібулы, пярсцёнкі, пацеркі, вырабы з дрэва, саломы, гліны — чаго там толькі не было! Можна было пакаштаваць і старажытнай дыябэтычнай кухні, і адчуць сябе майстром рыцарскіх дасьпехаў, і пакруціць ганчарнае кола.

Рыцары ў дасьпехах, іх дамы, простыя сяляне, жабракі, гандляры — горад напоўніўся людзьмі ў старажытным адзеньні, і нават прадавачкі ў сьціплай краме “Прадукты” не здзіўляліся сялянкам ў ільняных вышываных кашулях, што прыйшлі купіць мінэралкі. Ніхто не зьдзіўляўся таму, што па цэнтры гораду ў XXI стагодьдзі рыцар вёў каня, а той спраўна цокаў капытамі ды трос галавой, быццам “той” і “гэты” час нічога не раздзяляе і можна спакойна перамяшчацца паміж вякамі.

А ў гэты час на плошчы распачаліся канцэрты. Былі запрошаныя з блізкага замежжа гурты: знакаміты украінскі фольк-гурт “Бурдон”, расейскі “Drolls” ды польскі “Open Folk”. На наступны дзень да іх далучыліся з сваімі канцэртамі і беларускія гурты, якія займаюцца рэканструкцыяй сярэдневечнай музыкі, — “Келіх кола” і “Artes Liberales”. Але на гэтым музычная праграма фэсту толькі пачынаецца. У рамках “Наваградзкага замку-2006” прайшоў яшчэ адзін фэст — Конкурс “У гонар каралевы Боны”. У ім прымаюць удзел маладыя выканаўцы старадаўняй музыкі і танцаў. Старшынём журы музычнага конкурсу быў заслужаны артыст РБ Віктар Скарабагатаў, а танцавальнага — заслужаны артыст РБ Аляксандр Фурман. У гэтым годзе кампетэнтнае журы ацэньвала ня толькі музычныя якасьці, але і дакладнасьць строяў выступоўцаў. Адзеньне музыкаў ды танцораў павінна адпавядаць той эпосе, культуру якой яны рэканструююць. Тры лепшыя музычныя і тры танцавальныя гурты потым прымалі ўдзел у Гала-канцэрце. Гэта былі, адпаведна, музычныя: “Жалейка” з Віцебску, “Тэстамэнт”, “A la Brevis” і танцавальныя: “Залаты двор”, “Bassdance”, “Campanella” (усе з Менску).

Адметнасьцю Фэсту-2006 стала тое, што ўпершыню (!) ўлады гораду дазволілі разьмесьціць рыцарскі стан і праводзіць пешыя турніры на самой Замкавай гары, проста пад суворымі вежамі замку. Дзясяткі гістарычнах шатроў, рознакаляровых, яркіх, паўсталі пад чырвонымі мурамі, а перад уваходам у стан чакала варта зь мячамі — проста так у стан ня пройдзеш. Калі ня маеш бэджу ўдзельніка. Рыцарскі побыт, адпачынак — у стане гэта ўсё бачна, як на далоні.

Падчас Фэсту на арэнах Наваградку прайшлі пешыя, лучныя і конныя турніры. Трыццаць два рыцарскія клубы спрачаліся за гонар стаць першымі. Пераможцаў чакалі срэбныя пярсцёнкі з пазалотай. Ды пярсцёнкі не звычайныя, а рэканструкцыя таго пярсцёнку, што былі знойдзены пад Навагрудкам і, пэўна, належаў князю Міндаву. Адзін з такіх пярсцёнкаў ў гэтым годзе дастаўся рыцару з клубу “Менская вунія “Меч і крумкач” Хлодвігу Лангабардзкаму. Змагацца зь ім цяжка: ён перамагае ўжо чатырнаццаты турнір запар.

Рыцарскія турніры — гэта адрэналін ня толькі для супернікаў, але і для гледачоў. Калі ў пяці мэтрах ад цябе рыцару мячом праламваюць жалезны шалом, задумваесься: а ці вартая таго гульня? Дарэчы, рыцары, якія ўдзельнічаюць у бугурце і турнірах, павінны страхавацца, але яны не заўсёды гэта робяць — шкадуюць грошай. “Нічога з намі ня здарыцца”, — зь сьмехам кажуць рыцары, але ўжо падчас бугурта (бой “сьценка на сьценку”, самае жорсткае і відовішчнае спаборніцтва на ўсіх рыцарскіх турнірах) да арэны пад’яжджаюць машыны “хуткай дапамогі”. А назаўтра хто на адну нагу кульгае, хто — на две. Прынцыпова не страхаваліся каскадзёры — благая прыкмета, як яны тлумачаць.

Тым не менш, паламаныя насы і рукі — для рыцараў не аргумант. Яны біліся і будуць біцца, іншая справа, што гледачы пачуваюцца небясьпечна. Напрыклад, начны бугурт, які праходзіў на цэнтральнай плошчы Наваградка, быў агароджаны, але на нейкі час бойка перамясьцілася да самага краю арэны. Уявіце сабе, што каля вас дзесяткі дужых хлапчукоў у жалезных дасьпехах махаюць мячамі ды баявымі сякерамі. Рызыка — яркая адметнасьць усіх рыцарскіх фэстаў. Так, у гэтым годзе на Лошыцкім рыцарскім фэсьце падчас турніру баявая сякера разламалася і паляцела ў гледачоў. Гэтая акалічнасьць, трэба сказаць, ніяк не ўплывае на жаданьне людзей пабываць на рыцарскіх фэстах. Наадварот, такіх сьвятаў становіцца з кожным годам усё больш, амаль у кожным горадзе з’явіліся свае рыцарскія клубы.

Кульмінацыяй наваградзкага Фэсту стала інсцэніроўка штурму войскам Тэўтонскага Ордэну Новагародзкага замку ў 1394 годзе. Звычайна па ўдаласьці штурму Фэст лічыцца паспяховым або не. На гэты раз рыцары мужна абаранялі замак і не далі крыжакам магчымасьці захапіць яго. Гэта сапраўды відовішча незабыўнае: паляць марціры і гарматы, зьвіняць мячы, раздаюцца каманды, а навокал — мірнае жыцьцё, і блакітнае неба, і зялёныя разлогі Наваградчыны.

Літаральна празь дзьве гадзіны пасля штурму аўтобусы з удзельнікамі Фэсту павольна пакідалі наваградскія вуліцы. “Бывай, Наваградак!” — сказала ў гэты час Вольга Драпеза з музычнага гурта “Рокаш”, і стала сумна ад таго, што прыйшоў час вяртацца ў XXI стагодьдзе.

Кацярына Чыжык

P.S.: Аўтар не бачыць патрэбы ў пераказе палітычных падаплёкаў Фэсту — вы і самі ўсё добра ведаеце. Толькі зрабіць агляд культурных падзеяў ды абмаляваць саму атмасфэру было маёй задачай. Зразумела, хацелася каб Фэст увесь прайшоў на беларускай мове, але самі рыцары ня ўсе жадаюць прэзэнтаваць сябе па-беларуску. А сілком мілы ня будзеш. Можа, V Фэст у 2008 годзе стане іншым? Хто ведае.

Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар:

 
Наст. »

comments

Пакуль ніхто не пракаментаваў - для Вашага каментара запоўніце прыведзеную ніжэй форму...


Page 1 of 0 ( 0 comments )
©2006 MosCom

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (аўтарызуйцеся)
Апытанні
Якім чынам Вы хацелі б даведвацца пра будучыя мерапрыемстры МГА "Гісторыка"?

Спасылкi
Радзіма майго духу
ЗАТЕРЯННЫЙ МИР
Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць. БМР
Хапун
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
Музычнае таварыства 'Ліра'.*English version is not available. Learn Belarussian, please...
Матэрыялы могуць адлюстроўваць толькі думку іх аўтараў і публікавацца ў парадку абмеркавання. Перадрук - толькі са спасылкай на сайт МГА "Гісторыка"
© 2010 Афіцыйны сайт МГА „Гісторыка“ , E-mail:info@historyka.org
Design by: ArtDes
Каталог на Inter.by Rating All.BY