|
Залатая Горка і Доўгі брод
Экскурсія па Менску з МГА “Гісторыка”, што адбылася 14 лютага, была прысвечана цікавай і рамантычнай мясціне.
Экскурсаводам быў выкладчык гісторыі БДЭУ Іван Іванавіч Сацукевіч. Экскурсія была сяброўская. Сяброў назбіралася 54 чалавекі. Месцам правядзення экскурсіі гэтым разам быў абраны раён Залатой Горкі. Безліч найцікавейшых фактаў можна было пачуць пра сталіцу.
І пра тое, што вуліца Чырвоная павінная быць Краснай, бо не па колеры названая, а таму, што раней была цэнтральнай уязной вуліцай у горад з боку Масквы. І была гэтая вуліца такая прыгожая, што і называлі яе Краснай – ад слова “краса”.
Няправільна названая і вуліца Казлова, бо гістарычная яе назва – Даўгабродская. У 80-я гады ХХ стагоддзя, калі ў людзей пачала адраджацца нацыянальная свядомасць, мінчукі выступалі за тое, каб вярнуць дасавецкую назву вуліцы – Даўгабродская. Бо была пабудаваная яна на месцы былога маёнтку Доўгі Брод. Але, на жаль, савецкага дзеяча Казлова савецкія ўлады вырашылі абараніць і пакінулі яму кавалачак вуліцы на перакрыжаванні з праспектам Незалежнасці.
Менавіта на сучаснай вуліцы Казлова знаходзіцца кінатэатр “Мір”, пабудаваны яшчэ ў 50 я гады ХХ стагоддзя. Адметнасць яго ў тым, што ён быў адзіны на Беларусі, дзе паказывалі стэрэакіно.
У вандроўцы можна было даведацца, як з першага погляду адрозніць будынак у стылі канструктывізм, у якім у нас будавалі дамы яшчэ да вайны. Адметнасць гэтага стылю ў тым, што лесвічныя шахты будуюцца цалкам зашклёнымі: шкло без рамаў.
А можна было і пачуць легенду пра Залатую Горку. Даўным-даўно, у XVI стагоддзі, у Мінску здарылася эпідэмія, і вырашылі мясцовыя вернікі-каталікі пабудаваць касцёл у гонар Святога Роха, абаронцы людзей ад эпідэмій. Але не было грошай у скарбніцы гораду, таму на месцы, дзе гараджане вызначылі пабудаваць касцёл, кідалі па залатой манеце, такім чынам хутка там вырасла горка з манетаў, так і назвалі тое месца – Залатая Горка.
А сам касцёл стаіць і дагэтуль. Выратавала яго ў савецкія часы тое, што ён быў забудаваны іншымі дамамі і не мазоліў вочы. Потым касцёл стаў Малой залай Філармоніі, і толькі ў 2001 годзе яго вярнулі парафіі каталікоў.
Паблізу гэтага касцёла стаіць праваслаўная царква Аляксандра Неўскага, якая лічыцца самай старой у Мінску, нават падчас Айчыннай вайны і на працягу ўсяго існавання Савецкага Саюзу яна працавала.
Вандроўка цягнулася доўга, і фактаў пра Мінск можна было пачуць мноства. Пры канцы вандроўнікі зусім не стаміліся і паводзілі сябе вельмі энэргічна. Вось такая карысная вандроўка прайшла ў Мінску ў дзень Валянціна і ў даравальную нядзелю для праваслаўных.
Вандроўка ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Арына Лісецкая
Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |