|
Гісторыя не ў падручніках, яна сярод нас!
Цудоўная імпрэза, якая была прысвечана 9-му году дзейнасці Маладзёжнага грамадскага аб'яднання “Гісторыка” адбылася 21 лютага ў сядзібе Людмілы і Алеся Белых “Марцінова Гусь”. Атмасфера імпрэзы пераносіла нас ў дзевятнаццатае стагоддзе. І гэтай атмасферай былі насычаны ўсе пакоі, а таксама вялікая заля маёнтка доктара гісторыі Алеся Белага.
Пасля пачатку рэстаўрацыі сядзібы (а набыў яе спадар Алесь ў занядбаным выглядзе) тут адразу ўзнікла ідэя праводзіць імпрэзы на гістарычныя тэмы, а таксама штогадовыя тэматычныя календарныя фестывалі, кожны са сваім меню і традыцыямі.
Спачатку была Рада
Апоўдні мы сабраліся на Раду МГА “Гісторыка”, дзе абмяркоўвалі пытанне выгляду новага пасведчання арганізацыі, магчымасць сяброўскіх складак, а таксама – будучы суперпраект – “Усходнія Афіны”. Гэта натуральная рэканструкцыя баля 19 ст.ў маёнтку Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, правядзенне якога запланавана на верасень 2009 года. Усё будзе па-сапраўднаму: коні, карэты і старадаўнія касцюмы з вечаровымі сукенкамі!
Дарога ў Малую Люцынку
На камфорным аўтобусе мы накіраваліся ў бок мястэчка Ракаў, што пад Мінскам. Малая Люцынка, перш за ўсё, вядома тым, што гэта месца, дзе жыў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ад Люцынкі часоў Дуніна-Марцінкевіча засталіся толькі зарослыя быллём падмуркі і сціплы помнік бацьку новабеларускай літаратурнай традыцыі.
У 400-х метрах ад маёнтка Дуніна – Марцінкевіча, на правым беразе рэчкі Люцынка, знаходзіўся маёнтак Янкоўскіх, які некалькі разоў перабудоўваўся, апошні раз – у 1944 годзе. А ў 2005 годзе сядзібе надалі новае жыццё Людміла і Алесь Белыя і далі ёй назву ў гонар Святога Марціна – “Марцінова Гусь”. Імя Марцін перагукаецца з прозвішчам Дуніна-Марцінкевіча. Абавязковай гастранамічнай традыцыяй ў дзень Святога Марціна (11 лістапада) лічацца стравы з гуся. Цікава, што свайго сына Людміла і Алесь Белыя назвалі таксама Марцін!
Ашчаднае аднаўленне
Ўжо шарэла, таму ў пакоях сядзібы палілі святло, гарэў камін. Сцены сядзібы на першым паверсе былі без тынкоўкі і аздабленняў – са звычайнага зруба. Спачатку, каб ацаніць стан зруба, спадару Алесю прыйшлося разабраць маёнтак, выкінуць струхнелае.Зруб сёння выглядаў пярэстым, як “тырамісу”: новыя бярвенні ў перамешак з аўтэнтычнымі. На другім паверсе знаходзіліся спальныя пакоі.. Ў вялізнай залі на сталах ужо чакала вячэра.
Імпрэза віравала
Перад намі выступіў з прамовай гаспадар сядзібы – Алесь Белы. Ен распавёў пра гісторыю маёнтка, паказаў гістарычныя дакументы, якія былі знойдзены пад час рэстаўрацыі, а таксама фотарэпартаж рэстаўрацыйных працаў. На заканчэнні свайго выступлення, спадар Алесь пазнаёміў гасцей з новай кнігай – “Наша страва”, плёнам 9-ці гадовай навуковай працы.
Мы не пілі алкаголю. Не, гэта быў не “Дзень цвярозасці”. Але нам было горача і весела без спіртнога. Гурт старажытнай музыкі “Гальярда” падтрымліваў атмасферу даўніны сваімі кампазіцыямі. Мы развучвалі гульні, якімі забаўляліся нашыя продкі, народныя танцы: “Падыспань”, “Польку”, “Верабей”. Пасля салодкіх страў на вукліцы пачалося “фаер-шоу”. За дзействам мы назіралі, як кажуць, з адкрытымі ртамі. Напрыканцы свята выступіў вядомы мінскі бард Аляксей Галіч.
А адзінаццатай гадзіне мерапрыемства скончылася і нас арганізавана давезлі да метро. Я быў напоўнены ўражаннямі. А галоўная думка казала: “Гісторыя не ў падручніках – яна сярод нас!”
Аўтар: Аляксей Дужы,
сябра МГА ”Гісторыка” Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |