ТЫ ГЭТА ТЫ, Я ГЭТА Я.
Памяці гарадзенскага журналіста Зміцера КІСЕЛЯ
Мінулы верасень - месяц які даў мне нешта болей чым я думаў яшчэ некалькі дзён таму. Так бывае ў нашым жыцці, што праз пэўны час мы пачынаем разумець наш стан у нейкі момант жыцця, калі мінулі тыдні, месяцы, а то і гады. Зараз я магу сказаць, што верасень мяняў сутнасць майго жыцця, а ў той момант мне здавалася, што гэта ўсяго апатыя і адзінота з-за таго, што я сам застаўся на 10 дзён у Беластоку змест таго, каб паехаць у свой родны край.
Першы вечар майго прыбыцця ў Беластоку здаваўся мне даволі пазітыўным. Ужо калі я зрабіў некалькі крокаў ад чыгуначнага вакзала, то меў свае планы ў галаве і ў нейкай меры гэта былі мары-планы, але ажыццявіць я іх змог. Зараз думаю сабе, а ці я сам гэта зрабіў? Ці няма тут нейкай містыкі, падтрымкі маіх анёлаў, а мо і нечага іншага.
Кожны свядомы беларус, які трапіў у Беласток мусіць ведаць шлях да рэдакцыі тутэйшай грамадска-палітычнай газеты беларусаў "Ніва", ведаў і я, але зрабіць крокі да яе нешта унутры адразу не дало магчымасці. Будучы студэнтам я вырашыў перш знайсці свой інтэрнат, скінуць з сабе ўсе торбы, паесці і адпачыць з дарогі. Пасля сціплай вячэры вырашыў патэлефанаваць знаёмаму з Варшавы, каб ён мне даў нумары тэлефонаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары на Падляшшы. Словы, якія я пачуў ад яго на доўгія 10 дзён адрэзалі мяне ад света і быццам бы закрылі ў гэтым студэнцкім пакою. "Яны табе слухаць не будуць, часу ў іх няма на размовы з табою, людзі ж занятыя, а ў табе ніякай прапановы ім," - паведаміў асцярожна знаёмы. Нельга сказаць, што я апусціў рукі, не, то не так, але нейкая злоба у мяне з'явілася, толькі вось да каго яна была я не ведаю і зараз. Напісаўшы усе свае мары-планы у нататнік сеў на ложак ды пачаў шукаць якую-небудзь радыёстанцыю. "У эфіры беларускае радыё "Рацыя" - пачулася мне з дынаміка. Такім было знаёмства з першым незалежным беларускім ФМ радыё "Рацыя".
Наступныя 9 дзён былі доўгімі аднатыпнымі гадамі, так я лічыў яшчэ зусім нядаўна. Зараз жа, гледзячы на той час як на асабістую гісторыю жыцця кажу сабе, што кожны дзень даваў мне урок, кожны дзень мне узгадваў усе мае памылкі, дрэнныя учынкі і даваў веру, сілу ісці далей. Дзесяткі спісаных аркушаў думкамі, планамі, тры разы перафарбаваныя сцены, некалькі разоў змененая абстаноўка ў пакою - гэта тое, чым займаўся слухаючы "Рацыю" ды знаходзячыся на сваёй хвалі. Апошнія 2 дні майго добраахвотнага зняволення былі самымі цудоўнымі. Апошні раз перафарбаваў сцены ды змяніў месцазнаходжанне маёй койкі. Гэтыя два дні трапілі на суботу і нядзелю. Быццам бы здаваў іспыт і атрымаў добрую адзнаку... Дыхаць неяк стала лягчэй, нейкая будучыня хай і бачылася праз туманнае шкло, але ўжо была бачна, што супакоіла мяне. З'явілася жаданне крыкнуць усім, што я тут у Беластоку. Вырашыў гэта зрабіць цераз "Рацыю". Напісаў смс, што я беларускі студэнт, сябра Рады Моладзі БНФ, сябра Берасцейскай Рады БНФ зараз тут побач вас і перадаю прывітанне сваім паплечнікам ды камандзе кандыдата ў дэпутаты Юрася Губарэвіча. Чаканне, калі ж вядучы прачытае мае паведамленне проста вывадзіла мяне і тут пачуў нешта падобнае на мае, але ні майго прозвішча, ні слова аб прывітанні і БНФ не было... Пасля дазнаўся ад Міхала Андрусевіча, які вёў тады эфір, што ён вырашыў не чытаць, бо неяк ужо нехта пажартаваў прыслаўшы паведамленне ад імя Аляксандра Мілінкевіча.
Некалькі гадзінаў праседзеў у двары насупраць рэдакцыі "Нівы", усё ніяк не мог сабрацца і зайсці ў сядзібу. Калі сабраўся, то было позна, бо рабочы дзень ужо скончыўся... Прыйшоў на наступны і ўжо без усялякіх дурных думак адчыніў дзверы "Нівы". Сустрэлі ветліва, сэрца перастала калаціцца. Мае першае пытанне было, а дзе рэдактар, Яўген Вапа. Паведамілі, што Яўген Вапа зараз у рэдакцыі радыё "Рацыі", пасля запыталі, ці ведаю я адрас і чамусьці сказаў, што ведаю. Мінуў яшчэ дзень.
Раніцай новага дня, 30 верасня, спаткаў рэдактара "Нівы". Увайшоў у кабінет, павітаўся і паведаміў: "Я, студэнт гістфака Зміцер Кісель..."
30 верасня 2005 года ў сваёй кватэры на 43 годзе жыцця памёр журналіст, гісторык, грамадскі дзеяч, супрацоўнік "Рацыі" Зміцер Кісель.
"Калі мне Міхал Андрасюк сказаў, што зараз прыйдзе да нас на "Рацыю" Зміцер Кісель, я проста быў здзіўлены. Думаў, няўжо Змітрок вярнуўся. Добры быў хлопец. Зараз ты сярод нас на радыё..." - кажа сябра З. Кіселя Янка Мордань
Што выхоўвае людзей свядомымі, адкуль цячэ гэтае светлая крыніца? Безумоўна, сям'я, але нажаль у нашых беларускіх сем'ях вельмі рэдка ідзе свядомае выхаванне грамадзяніна Беларусі. Сям'я Зміцера Кіселя была адная з тых выпадкаў, дзе выхаванне - Беларусь па над усё. Уладзімер Кісель, бацька Зміцера педагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Скончыў сем класаў польскай школы, у 1941 – савецкую сямігодку ў Клецку. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе з сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». Пасля вайны
Уладзімер Кісель удзельнічаў у заснаванні падпольнай патрыятычнай арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі». У 1949 годзе бацьку Зміцера арыштавалі бальшавікі і выслалі ў канцлагер у Казахстан, дзе ён правёў 11 год. Маці Зміцера таксама дапамагала падпольшчыкам, разносіла лістоўкі і інш. Зайздросціць сям'і Зміцера цяжка, адчуць на сабе цяжар камуністычнага прыгнёта вельмі балюча, але як вынік - светлае і урачыстае выхаванне свядомага грамадзяніна Беларусі.
У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя Зміцер Кісель пачынае актыўную грамадска-асветніцкую дзейнасць. Ідэя выдаваць уласную газету у сяброў суполкі імя Максіма Багдановіча, якой кіраваў Кісель нарадзілася перад Калядамі 1988 году. У госці да іх прыехалі тады Янка Мордань, беларускі дзеяч з Беласточчыны і Надзея Артымовіч. Пра сваё выданне размова пайшла пад час сустрэчы ў музеі Багдановіча. Мінчукі тады ўжо мелі свае газеты, вось і правінцыялы, седзячы за пляшкай , вырашылі, што і ім час стварыць сваё выданне. Хадзілі тады калядаваць і ад хаты да хаты, чым больш хлопцаў ды дзяўчат частавалі "бімбарам", тым больш з'яўлялася ідэяў.
Доўга сябры спрачаліся вакол назвы газеты: Зміцер прапаноўваў "Гараднічанка", хтосьці іншы -"Гарадніца", але ў рэшце перамагла прапанова мастака Міхася Баярчука - "Рэанімова". Першы наш нумар выйшаў на пачатку 1989 года. Яго адметнасцю было тое, што там упершыню у беларускім друку з'явіліся словы і ноты "Магутнага Божа", перададзеныя гарадзенскім сябрам беластоцкімі беларусамі.
На той нумар сябры суполкі імя Максіма Багдановіча збіралі ўласныя грошы. Данута Бічэль-Загнетава звязалася з Мінскам. Беларускія газеты друкаваліся тады ў Літве, у Літоўскім Доме друку. У адной з камуністычных газетаў у Вільні працаваў беларускі хлопец, які і дапамагаў. Літоўцы бралі з нашых патрыётаў вялізныя грошы, а менавіта 10 капеек за друкаваную старонку.
Нумары на машынцы набірала Данута Янаўна, затым рабілі макет і везлі ў Вільню, альбо перадавалі праз Мінск. З распаўсюджаннем праблемаў не было — увесь наклад разлятаўся за некалькі гадзінаў.
Зміцер Кісель з'явіўся адным з заснавальнікаў і лідэраў нацыянальнага руху на Гарадзеншчыне ў канцы 1980-х гадоў. Акрамя грамадскай дзейнасці Зміцер Уладзіміравіч быў публіцыстам, гісторыкам па адукацыі. Працаваў у газеце г. Гродна "Пагоня", на радыё "Рацыя".
У 1995 годзе на Свіслацкіх гарадскіх могілках была адшукана магіла Віктара Каліноўскага – ідэолага беларускага нацыянальнага руху і старэйшага брата Кастуся Каліноўскага, які быў кіраўніком збройнага вызвольнага паўстання супраць расійскай імперыі. Аднаўленнем магілы і памятнага крыжа займаўся Зміцер Кісель, а таксама мясцовы грамадскі актывіст Віктар Трэшчановіч, Юрась Мацко з Гродна. Неўзабаве па прапанове Гарадзенскіх філій партыі Грамада (БСДГ) і грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”, якія былі першымі арганізатарамі масавага ўшанавання памяці палеглых змагароў, Дзень памяці паўстанцаў 1863-га году пераўтварыўся ў агульнанацыянальны фэст.
У сярэдзіне 90-х гадоў у Беларусі пачалі стварацца правакацыйныя суполкі рускіх фашыстаў РНЕ. Зміцер Кісель, будучы сябрам Гарадзенскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выказаў свае абурэнне па факту дзейнасці РНЕ і разам з іншымі грамадскімі актывістамі накіраваў ліст да мясцовай улады. У лісце, накіраваным на імя старшыняў гарадзенскага аблвыканкама і гарвыканкама А. Дубко і А. Пашкевіча былі пастаўленыя пытанні: "Чаму на фашыстаў не распаўсюджваецца рашэнне гарвыканкама пра забарону ўсіх мерапрыемстваў у цэнтры горада? Чаму любое несанкцыянаванае мерапрыемства дэмакратычнай апазіцыі спыняецца міліцыяй і сканчаецца для яго ўдзельнікаў штрафамі ці турмой, а фашысцкі пікет праводзіцца беспакарана? Чаму камуфляжная форма маладых беларускіх патрыётаў, якія выйшлі на вуліцы горада 25 красавіка выклікала жорсткую рэакцыю міліцыі, а на камуфляжную форму расійскіх фашыстаў праваахоўныя ворганы не звяртаюць увагу? Чаму надпіс "Жыве Беларусь!" імгненна замалёўваецца, а фашысцкія лозунгі не? Як вядома, то доўгая барацьба беларускіх патрыётаў над РНЕ прынесла перамогу.
Артыкулы Зміцера Кіселя "Гродзеншчына ў чаканні перамен" (Ніва № 7 (2336), 18 лютага 2001 г.), "І Хочацца, і колецца" (Ніва № 42 (2371), 21 кастрычніка 2001 г.), "Яшчэ адны сацыял-дэмакраты" (Ніва № 1 (2382), 6 студзеня 2002 г.) выклікалі шмат абурэння ў прадстаўнікоў уладаў, але аўтар адказаў з гонарам за кожнае свае слова.
Дзякуючы Зміцеру Кіселю, які паставіў перад сабою мэту, паказаць усім, што беларусы Беласточчыны і Гродзеншчыны абавязаныя ўзаемасупрацоўнічаць, дапамагаць і сябраваць, жыве памежнае жыццё.
Секундны позірк кінуў на мяне Яўген Вапа, што дало мне адчуць нешта такое незразумелае, задаў сабе пытанне "Што ва мне, ці на мне не так?". Толькі праз некалькі дзён Яўген Вапа сказаў, што успамінаў ён свайго шматгадовага сябра Зміцера Кіселя з дня смерці якога споўнілася 30 верасня 2008 года тры гады і тут я прадставіўся...
Вось і пазнаёміліся...
Аўтар: Зміцер КІСЕЛЬ Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |