|
AПОВЕСЬЦЬ ПРА НЯШЧАСНЫ ПАХОД
І ПАРАЖЭННЕ ГЕНЕРАЛА
АДАМА ЛЮДВIКА ЛЁВЕНГАЎПТА
СКЛАДЗЕНАЯ ПА ЯГО ПРОСЬБЕ
ГЕНЕРАЛЬНЫМ КАРТМAЙСТРАМ ЯГО ВЯЛIКАСЬЦI
ДЗЕЛЯ ПАМЯЦI НАСТУПНЫМ ПАКАЛЕННЯМ
Anno Domini MMVIII
Гэта быў незвычайны паход. Яго ідэя ўзьнікла некалькі гадоў таму і аўтарам яе быў адзін мой прыяцель, а ўзьнікла яна падчас паседжання клуба па актуальных пытаннях гісторыі, прысьвечанага Паўночнай вайне. Ладзіла паседжанні “Гісторыка”, і так атрымалася, што праз пару гадоў яна ж узялся ажыццявіць гэты праект. Ідэя заключалася ў тым, каб паўтарыць шлях шведскага корпуса генерала А.Л. Левенгаўпта, які ў 1708 годзе з вялізным абозам рухаўся на дапамогу Карлу XII і прайшоў амаль усю Беларусь, аж пакуль 9 кастрычніка не быў разбіты Пятром I каля вёскі Лясная недалёка Прапойска. Лічыцца, што бітва кардынальным чынам паўплывала на ход Паўночнай вайны і прадвызначыла паразу Карла XII пад Палтавай. Сёлета прыпадае юбілей тагачасных падзеяў, дый проста было цікава правесьці па-першае іх рэканструкцыю, па-другое паглядзець вачамі шведаў на экзатычную для іх краіну праз трыста гадоў. Каб прайсьці 500-кіламетровы шлях, аптымальным было прызнана перасесьці на ровары. За аснову для складання маршрута быў узяты дзённік шведскага лейтэнанта Вее[1], асобныя звесткі браліся з вядомай кніжкі Катлярчука[2], які карыстаўся таксама іншымі шведскімі дзённікамі, а таксама з “Писем и бумаг императора Петра Великого”[3]. Лакалізаваліся толькі населеныя пункты, праз якія праходзілі шведы (у тэксьце выдзелены тлустым), у той час як рэканструкцыя ўласна шляху не ўсюды аказалася магчымай, таму тут пераважаў прагматычны падыход.
Demetrius Victor
Die 22 julii. Наш генерал атрымаў загад вырушыць з 10-тысячным корпусам на ўсход Вялікага княства Літоўскага на злучэнне з войскам Яго Вялікасьці. Мяне таксама дайшоў ліст de Sa Majesté з даручэннем скласьці маршрут для гэтага рызыкоўнага і поўнага небяспекі прадпрыемства.
Die 3 augusti. Сёння сустракаўся ў Лошыцы з генералам, каб даведацца, як ён сабе ўсё гэта ўяўляе. Дамовіліся, што праз тыдзень я прэзентую камплект мапаў з нанесеным на іх маршрутам. Пачатак паходу прызначаны на 15 гэтага ж месяца. NB. Дастаць curvimetrum.
Die 11 augusti. Бачыўся з генералам, паход адкладаецца на некалькі дзён з-за складанай палітычнай сітуацыі ў Княстве.
Die 16 augusti. Корпус раскватараваны ў Менску. Генерал забіў на падрыхтоўку і паехаў бавіцца на ўсход Вялікага Княства на запрашэнне мясцовых магнатаў. Займаюся пошукамі такой рэчы, як пантонны мост. Здаецца, яго тут ніхто ніколі ня бачыў, толькі чулі. У апошнюю хвіліну ўдаецца арандаваць у мясцовых жыдоў за цалкам прымальную суму.
Die 17 augusti. Прыехаў нарэшце генерал, але пабачыцца не ўдаецца (ад’ютанат паведаміў, што ён стомлены). Выступленне чарговы раз адкладаецца. Цікава, што скажа на ўсё гэта Яго Вялікасьць? Відаць, без палявога суда не абыдзецца. Тым часам з 10-тысячнага корпуса ледзьве ўдаецца сабраць 4 тыс. прыдатных да бою жаўнераў. Каб нагнаць страчаны час, прыходзіцца арганізаваць дэсант (дзякуй літоўскім саюзьнікам за тэхнічную падтрымку). Пантонны мост аказаўся пазамінулага стагоддзя – паўдня пайшло на яго зборку. Толькі а 9-ай вечара выязджаем зь места, слухаючы ў дарозе беларускія народныя казкі пра ваўкалакаў. Начуем у Красным Сяле, на загараднай рэзідэнцыі, якую ласкава прадаставіла ў наша распараджэнне адна з удзельніц пахода, назавем яе Таша.
Die 18. Першы дзень пахода. Стартуем ад Лынтупаў. У 1708 цяжка было нават уявіць, што тут будзе нейкая памежная зона. Цікава, што па абодва бакі шмат хто лічыць сябе патрыётам ВКЛ, што не зьмяншае рэальнасьці існуючых межаў. Нават па тры бакі, з улікам польскага – зусім побач радзіма Мілаша і Канвіцкага.
Доўга пакуем ровары, якія нам з посьпехам замяняюць коней. З іх аказалася тры “стэлсы” – амаль як амерыканская авіяцыя. Выяўляюцца метамарфозы арганізацыі: на 4 тыс. чалавек узята 3 тыс. намётаў, у той час як са ўсёй зброі – толькі сякера і нож. Першая стаянка запланавана на адным з Блакітных азёраў – цяжка ўявіць, каб Левенгаўпт з яго запаволенасьцю устрымаўся б ад спакусы палюбавацца на цуды нашай прыроды. Пачынаем па парадку: Імшарац, Вільчынія, Балдук, Глубля, Глубелька… Назвы лепш не псаваць каментарамі. Па дарозе да азёраў спыняемся каля развалінаў млына з вадападам на рэчцы Лынтупка. Слова “разваліны” тут вельмі дарэчы і не толькі з-за памераў – уся рэчка завалена каменнем, нібы тут быў не млын, а які замак. Каменне, мох і вільгаць.
На Балдуку нечакана для сябе трапляем на госьця з Масквы, дзякуючы якому знаходзім крыніцу. Ён, відавочна, разглядае ў якасьці гасьцей нас. І паводзіць сябе, трэба аддаць належнае, гасьцінна, можа нават занадта. Сітуацыя трохі дзіўная. Госьць скардзіцца на людзей у Беларусі, якія зьмяніліся і сталі іншымі, але не ўдакладняе ў чым. Магчыма, у параўнанні з савецкімі часамі.
Там жа, на Балдуку, здарыўся выпадак: Таша палезла купацца і набралася страху. Хацелі ўжо выгаворваць, але неяк усё супакоілася.
Едзем на Глубельку. Уздоўж ракі Страчы вядзе лясная дарога, ад якой уніз павінна ісьці сьцежка. Яе трэба неяк пазнаць, што нарэшце ўдаецца. З часоў майго тут побыту пяць гадоў назад нават лес і рака, рэчы ў прынцыпе пастаянныя, крыху зьмяніліся. Няма дрэва, якое служыла мастом, ці, хутчэй, кладкай. Амаль цалкам згніло і сплыло па кавалках. Сьветленькая пясчаная сьцежка на чорным дне запрашае перайсьці ўброд. Я пераходжу з роварам, астатнія ровары пераносім з рэчамі.
Наша сьцежка пазначана “знакамі” – разьвешанымі па галінках кавалачкамі невядома чаго (што нагадвае адзін аматарскі фільм жахаў). Вечарэе. Метраў праз сто упоперак дарогі ляжыць бервяно, потым яшчэ адно, потым адразу некалькі. Наступствы таго яшчэ, першага ўрагану. Мясцовасьць па рэльефу нагадвае Швайцарыю, толькі нейкую дзікаватую. З раварамі цяжка, бо ствалы ляжаць на ўзроўні кален або пояса, месцамі іх аказваецца прасьцей падымаць. Напэўна праз гадзіну выходзім нарэшце да Глубелькі. Тут Таша першы раз падае з ровараJ, пра што мы нікому не раскажам. Генерал падвярнуў абедзьве нагі і адмаўляецца ісьці на Лысую гару. Раней там стаяла вышка, зь якой усе любілі фоткаць Глубельку з яе мініятурным востравам. Зараз проста голая пляцоўка зь нейкім стэндам, адкуль ні (цэнзура) не відаць.
Сустракаем мясцовых, моладзь, якія пытаюцца, чаму ў нас шведскі сьцяг. На адказ, што тут праходзілі шведы, заяўляюць што нічога такога сабе не прыгадваюць. Каб не замінаць адно аднаму ў прыемным баўленні часу, едзем на Глублю. Сьцежкі ў прыцемках блытаюцца, замест паўночнага берага выходзім на паўднёвы, але адразу на абсталяваную стаянку. Вогнішча, песьні пад гітару, у mp3 фармаце па тэлефоне. Затое пра Паўноную вайну.
Die 19. Раніцай зьяўляюцца дзьве пары рознага веку з Грумбінентаў, садзяцца побач з гняздом шэршняў, потым лезуць купацца, затым дастаюць бутэльку. Разгаварыліся, аказалася – мясцовыя з Грумбінентаў. Класны мужык, здаравенны і вясёлы, распавядае пра абарону запаведных мясьцінаў ад наплыву варварскіх элементаў. Гранатамі глушаць рыбу, рассякаюць па лесе на квадрацыклах, мыюць матор у возеры (“… а мы ў гэты час б’ем вокны ў машыне”). Рамантыка à la Greenpeace.
Па растлумачанай імі дарозе едзем да Грумбінентаў, адтуль па ненайлепшай гравейцы да Канстанцінава. Класіцысцкі касьцёл XIX ст. без калон глядзіцца бедна, чаго не скажаш пра плябанію. Едзем па віленскай шашы на Кабыльнік. Нас сустракае нямецкі арол на вайсковых могілках Першай Сусьветнай. Мястэчка жыве сваім жыццём, прычым выглядае сапраўды ажыўленым. Ажыўлена турызмам, хутчэй за ўсё. Неагатычны касьцёл з драўлянай званіцай на ўезьдзе з паўночнага боку, старая планіроўка і забудова, крамы, шмат народу.
Вырашаем, ехаць начаваць на возера Мядзел ці да мястэчка з аналагічнай назвай. Умешваецца мужык, які едзе акурат на возера і тлумачыць нам дарогу. Выязджаем на ўсход і па няхілых узвышшах едзем да возера. Блытаная дарога, маленькія вёсачкі. Фатальная памылка, як аказалася потым.
Стаянка на возеры занятая тэлевізійшчыкамі. Да планавага месца начоўкі (працяглая каса з лесам, затока) па мапе недалёка, але невядома як ехаць: дарогі не відаць, сьцежка, па якой ідзем, таксама зьнікае. Сустракаем мясцовага п’янтоса з сям’ёй; ён тлумачыць і падказвае месца бліжэй, за гарой Зьміёўкай. Дзе тая гара, разабраць на такой мясцовасьці складана, але нарэшце нешта знаходзім: ціхае месца, затока, удалечыні востраў з замчышчам.
Die 20. Таша робіць фатасэсію са сьцягам на ядлоўцы. З кустоў выскоквае машына з прыродааховай, пытаюць, за што выпісаць штраф: за вогнішча, ці за палатку? Чуюць беларускую, пытаюцца ці бэнээф (“Ну чаму адразу …”) і адмаўляюцца ад спагнання штрафа. Хуценька дэмантуем палатку і зьязджаем. На разьвілцы за дваццаць метраў ад стаянкі пасьпяваем заўважыць знак з забаронай ставіць палаткі і раскладаць вогнішча.
Першая абраная намі дарога ўздоўж возера заканчваецца, вяртаемся ў зыходны пункт і едзем да вёскі перпендыкулярна ад возера (мапа дазваляе толькі прыблізна ўявіць наша месцазнаходжанне). У наступнай вёсачцы спыняемся набраць вады. Таша тлумачыць мясцоваму маладому яшчэ аматару паддаць, адкуль мы едзем, хто такі Лёвэнхаўпт і дзе знаходзіцца Швэцыя. Той лае сучасную моладзь за матэрыялістычны сьветапогляд і бездухоўнасьць, хваліць нашу беларускую мову і наогул тое, чым мы займаемся. Выязджаем у Скары; адсюль можна па-рознаму дабрацца да мястэчка Мядзел, праблем быць не павінна. Прамая дарога вядзе на паўднёвы ўсход – едзем па ёй. За вёскай разгаліноўваецца, прычым больш шырокая ідзе на поўнач (да возера?). Не паддаемся на правакацыі і едзем па прамой, праз пару кіламетраў выязджаем да нейкага возера (не пазначана на мапе!), а дарога ўпіраецца ў балота. Доўга вяртаемся, затым выбіраем сярэднюю дарогу (як у казцы!), якая павінна прывесьці нас па прамой да возера Нарач. Праз пару кіламетраў даязджаем да Пячонак і становіцца зразумела, што на самай справе мы едзем па трэцяй – правай – дарозе на захад. У бок, адваротны таму, што нам трэба. Да усяго па дарозе я згубіў апошнюю сякеру. Каб не ўскладняць сітуацыю, вырашаем зрэзаць па дарозе праз Брылі на Пасынкі. Як быццам увесь папярэдні дзень не служыў нам папярэджаннем. У Брылях дзядзька паказаў дарогу і зьмястоўна яе ахарактарызаваў (“х…ая дарога”), але не сказаў, што яна толькі да сярэдзіны. Даехалі да нейкіх старых каменных могілак на водшыбе без адзінага надпісу, дарога па прамой, калі гэта была прамая (“нікуды не зварочвайце”), недзе зьнікла, застаўся толькі варыянт налева. На гэты раз ніхто не рызыкнуў узяць на сябе адказнасьць і ўпершыню было вырашана правесьці вайсковую раду. У сваіх выступленнях афіцэры штабу пагадзіліся на тым, што трэба ехаць налева да пераможнага канца. Канец аказаўся не так ужо і далёка. Дарога вядзе дзесьці кіламетар па пясчаных узвышшах, з вяршыняў ўзгоркаў сочаць за навакольнай мясцовасьцю нямецкія доты. Едзем уздоўж лініі фронту Першай Сусьветнай; узгадваецца Нарачанская і іншыя аперацыі той вайны, у якіх загінулі дзесяткі і сотні тысяч, а ў выніку ніводны з бакоў не дабіўся перамогі. На абсалютна бязьлюднай мясцовасьці доты праз кожныя дзьвесьце метраў. Вось і канец дарогі. Далей перасохлы ручай і ўзаранае поле; Нарачы не відаць. У такіх сітуацыях галоўнае кантраляваць настрой. Раз поле ўзаранае, то да яго з тога боку павінен недзе быць пад’езд. Праводзім рэкагнасцыроўку. Знаходжу ўрэшце нешта дарогападобнае, прыкметы былой каляіны. На працягу некалькіх кіламетраў нельга зразумець, ці пачнецца ўласна дарога. Месцамі сьлед зьнікае, месцамі завораны. Брыдзем проста па палях, лугах, нейкіх зарасьніках. Agri deserti. Вайна спустошыла гэтыя землі, насельніцтва разыйшлося хто куды, палі стаяць непрыбраныя.
Цана экстрыму – зламаны ніпель на генералавым ровары. Мяняем камеру на шашы ля берага Нарачы. NB. Паскардзіцца Сапегам на “ВКЛкартаграфію”.
Дарога ўздоўж Нарачы запомнілася пахам дохлай рыбы. Вечарам у Мядзелі сустракаемся з мясцовым краязнаўцам. Начлег у Качаргах на беразе Мястра. Таша выяўляе, што дабрыня вымяраецца ў бярвёнах.
Die 21. Каб навярстаць упушчанае, праехалі больш за 60 км. Генерал, трэба аддаць яму належнае, трымаецца наперадзе і падае прыклад астатнім, аж пакуль не праскоквае паварот на Крывічы. У Гарадзішчы падымаемся на гарадзішча. Штрыхаваная кераміка, амаль тысячу год існавала, усё гэта адчуваецца. Па высокіх схілах сьцелюцца травы.
У Крывічах касьцёл з кляштаром трынітарыяў XVIII ст., на рэстаўрацыі. Вырашаем спыніцца нанач у Будславе, але спачатку заехаць у Даўгінава, хаця можна ехаць і па прамой, але гістарычная праўда даражэй. Атрымліваецца роўнастаронні трохкутнік з бакавымі старанамі па 15 км.
У цэнтры ці, дакладней, пасярэдзіне Даўгінава ляжыць мемарыяльны камень у гонар Зьмітрака Бядулі (Плаўнік Самуіл Яфімавіч). Побач сінагога, у якую ён хадзіў, калі вучыўся на равіна ў мясцовым ешыбоце. Царква XIX ст. нагадвае імперскі торт: белы і фіялетавы крэм. Яе засланяе фура з надпісам “We know the way”. Архітэктура ўцэлым неблагая. Касьцёл класіцысцкі, таксама недзе тагачасны.
Па дарозе на Будслаў трэці раз трапляем пад дождж, ратуемся купленымі ў Крывічах плашчыкамі. У Будславе хлопец праводзіць нам выдатную экскурсію па храме. Крыж, які прыплыў зь Вільні ў алтарнай частцы. Сам храм вялізны. Першапачатковы касьцёл XVII ст. сёння выконвае ролю бакавой капліцы. Знакаміты іканастас у рознакаляровых плямах заходзячага сонца. Справа ад яго на пліце знаходжу свайго знаёмага, ашмянскага стольніка Аляксандра Сьлізьня. Памёр у 1651, кароткая біяграфія на латыні.
Ставім намёт, палім вогнішча і гатуем вячэру на беразе ракі. Тут жа гуляюць і купаюцца двое хлопчыкаў, мясцовы і прыезджы. Лёгка адрозьніць, бо прыезджы размаўляе па-руску. Мясцовы – на трасянцы, але выразна стараецца па-беларуску. Прыносяць нам дроў, запрашаем іх на вячэру.
Die 22. Выпадкі дэзертырства становяцца ўсё часьцейшымі. Сёння ноччу нас пакінула Таша. Мы з генералам гналіся за ёй усю ноч, але безвынікова.
Раніцай рамантуем равары. Аслаблены тармазы, у мяне сапсаваны пераключальнік перадач, у Яўгена, здаецца, прабіта кола, мяняем яму камеру. Выязджаем позна, па дарозе заходзім у краму. Там мяне джаліць аса (яны зьяўляюцца ўсюды, дзе зьяўляемся мы), праз хвіліну разьбіваецца мая талерка. У гэты ж момант у краме нехта разьбівае бутэльку чарніла. Зьяўляецца падазрэнне, што гэтыя нядобрыя знакі нейкім няўлоўным чынам зьвязаны са зьнікненнем Ташы. Выязджаем з Будслава на Докшыцы і … не можам выехаць. Мужыкі на ферме тлумачаць, што па прамой дарозе праз Калягі не даехаць: мост праз Зуйку рухнуў, а бабры паднялі ўзровень вады ў рэчцы так, што не перабрацца (“вораг адступае палячы за сабой масты”). Прыходзіцца вяртацца праз Ваўкалатку – 8 лішніх кіламетраў. Праблемы не заканчваюцца: усю дарогу ў Яўгена спускае кола. На шашы “Даўгінава–Докшыцы” не магчыма зрабіць прыпынак: мясцовая фауна прадстаўлена шаблязубымі камарамі і лятаючымі мурашкамі, якія адразу атакуюць, як толькі спыняешся. У Яўгена рвецца камера (велікаватая аказалася). Латаем старую і толькі зараз высьвятляем прычыну яе прабоіны – танюсенькі стальны валасок ад троса пракалоў і пакрышку, і камеру (“найноўшая зброя праціўніка – миниёж”). Няўдачы дэмаралізуюць асабовы склад, дэзертырства працягваецца. У Докшыцах нас пакідае Яўген. Нават не спрабуем яго затрымаць. Тэмпы прасоўвання запавольваюцца, не пасьпяваем за планам.
Начуем з генералам у лесе недалёка ад Докшыцаў. Раскашуем у чатырохасабовым намёце.
Die 23. Калі ногі ўчора проста балелі, то сёння становяцца драўлянымі. Праз дзесятак кіламетраў адчуваю боль у каленным суставе. Стаўлю генералу ультыматум: або ён арыентуецца на мяне, або губляе апошняга байца.
У Глінным на ўваходзе ў двор на слупах пры браме ляжаць ільвы – такія сабе правінцыйныя панты. Сяк-так даязджаем да Бярэзіны. Зьвяртае на сябе ўвагу лясьніцтва з драўлянымі цецерукамі на дрэве. Шукаем краму і сталовую. Высьвятляецца, што “Сталовая” – гэта назва крамы. Пару столікаў і цэлы рой восаў, магчымасьць пахáваць і падзарадзіцца. Кантынгент наведвальнікаў крамы вылучаецца павольнай, на першы погляд пазбаўленай каардынацыі хадой і нязьменнай прастатой у зносінах (“э-э, дай мне банку чарніла”).
Нідзе так не адчуваецца заняпад, як у былых мястэчках на ўскраіне. Адчуваецца ўжо па зьнешняму іх абліччу. Нават у выміраючых вёсках, якія сустракаюцца па дарозе на Докшыцы, гэта не так адчуваецца, бо ў самой вёсцы ўжо закладзена патэнцыйная магчымасьць заняпаду, а тут усё-такі места, хай сабе і невялікае.
У хаце каля лясьніцтва просім змазаць чым-небудзь ровары. Сталага веку мужык з пасечаным вятрамі і вытворчымі траўмамі тварам, пакуль яго сын шчодра палівае машынным маслам нашы ланцугі і зорачкі, распавядае, як ён ганяў камбайн у Пастаўскі раён. Уяўляю, як здаравенная махіна паволі паўзе праз вёскі, займаючы ўсю праезную частку. Пакуль камбайны даязджаюць да месца прызначэння, жніво там, як правіла, заканчваецца, і ім нічога не застаецца, як паўтарыць увесь шлях у адваротным кірунку. Ці не ўпершыню зьяўляецца адчуванне цябе-разумення: падарожжа на камбайне ў суседні раён, пазбаўленае рацыянальнай мэты, набывае характар чыстай прыгоды.
Сын мужыка, аказваецца, ездзіў у Магілёў па дарозе, якая нас яшчэ чакае наперадзе. Калі чуюць, што мы зьбіраемся ехаць на Лепель, спачувальна ківаюць галовамі – спачатку будзе дванаццаць кіламетраў гравейкі, якая нагадвае хутчэй тарку. Сапраўды, пераязджаем мост і пачынаецца: дык-дык-дык… За мастом праз Бярэзіну пачынаеца запаведнік – вялікакняскія паляўнічыя угоддзі.
Роўненька на мяжы раёнаў, пад знакам, гравейка заканчваецца і пачынаецца сьвежапакладзены лепельскі асфальт. Заязджаем у Пышна. Пацаны каля крамы тлумачаць, дзе нам лепш на якім возеры спыніцца і дарогу да кожнага з іх. Але прыкідваем, што мы яшчэ ў стане даехаць сёння да Лепеля (“а, ну тады можаце на Сьвятым”).
З Пышна не выпускае дождж; хаваемся ад яго пад дахам клуба-бібліятэкі. Стомлены, іду пад дажджом да мясцовага сарціра класічнай драўлянай канструкцыі (народнае дойлідства, сярэдзіна мінулага стагоддзя, чацьвярык на мацерыку), адчыняю дзьверцу, якая трымаецца збольшага на павуціне. На сьцяне вісіць увесь скурчаны пажоўклы фрагмент газеты таксама мінулага стагоддзя, на якім вялікімі літарамі загаловак: “ЖЫЦЦЁ ПРАЦЯГВАЕЦЦА!”.
Начуем на Сьвятым – маленькім азярцы пад Лепелем. Тым часам пачынаецца дождж з навальніцай. Знутры палаткі навальніца ўспрымаецца не больш чым перабоі з электрычнасьцю, – здаецца, гэта проста міргае лямпачка, якую нам замяняе падвешаны ліхтар.
Die 24. Доўга блукаем па Лепелі. Горад амаль цалкам драўляны са шматлікімі пратокамі паміж азёрамі і масткамі праз іх. Дзьве царквы: старая (драўляная) і новая (мураваная). У аптэцы купляю спартыўны бальзам доктара Дзікуля, які раіць аптэкарка ад расьцяжэння жылаў (“Не, лепш ужо сядзець дома на дзіванчыку і глядзець целевізар”). З цюбіка пазірае барадаты мужык з гарой мускулаў і металічнім шарам на плячы. Абільна ўціраюся і чакаю наступлення псіхалагічнага эфекту.
Дарога да Лукамля спачатку прамая і роўная, можна разагнацца, потым пачынаецца скаканне па горках. Часта трапляюцца раздушаныя вожыкі і зьмеі (відаць, зноў нейкія знакі). Пад вечар заязджаем у Лукамль. У цэнтры мястэчка шукаем дарогу на замчышча, што аказваецца не так проста, бо наверх вядзе толькі ледзьве прыметная сьцежка праз прыватныя пабудовы. Падымаем ровары не здымаючы рэчаў (узгадваюцца канешне ж рыцары). Насоўваецца хмара і пакуль спрачаемся, ці ехаць да Чарэі, пачынаецца дождж. Ставім палатку і на гэтым дзень заканчваецца.
P.S. Зьміцер ідзе падзараджаць мабілу да суседзяў і доўга размаўляе там пра жыццё з дзедам, які па яго словах, мае іншамарку і крытычны сьветапогляд. Вяртаецца з поўнай торбай агуркоў.
Die 25. Іду глянуць, што за гара насупраць: на выгляд нагадвае яшчэ адно зачышча, толькі меншых памераў. Аказваецца, старажытныя могілкі – магчыма, жальнікі. Уявіць толькі: замак, а побач магілы яго жыхароў, нібы яго адбітак – такі сабе замак мёртвых. Ніякіх надпісаў, толькі на двух камянях высечаны крыжы. Некалькі дзесяткаў камянёў і скраю адзін вялікі грубай формы каменны крыж. І абалдзенны выгляд на замчышча з рэчкай і мястэчкам.
Пакідаем Лукамль і едзем да Чарэі. На пад’ездзе зварочваем налева і едзем уздоўж возера да Белай Царквы. Барочны Храм канца XVI ст., фундаваны Сапегамі, займае ўзвышша ў цэнтры паўвострава. На пад’езьдзе нас сустракае конь, а з дзьвярэй царквы павысоўвалі шыі козы. Сам храм нагадвае вялізны шкілет (я тут не арыгінальны), над якім нізка паўзуць хмары.
Вяртаемся да Чарэі, цэнтра сапежынскага графства. Выглядае неяк пустэльна, у цэнтры толькі некалькі тыпаў хістаюцца ў напрамку крамы. У краме мужык перада мной просіць булку хлеба, а прадаўшчыца машынальна ставіць на прылавак перад ім бутэльку чарніла. Той паўтарае: “Булку хлеба!”. Яна глядзіць неразумеючым поглядам.
Адпачываем і абедаем каля касьцёла пачатку XVII ст., сучасьніка царквы. Строгае прамавугольнае ранняе барока. Сёння адрэстаўраваны і абсталяваны пад царкву, але ў былым мястэчку народу на прыход яўна не назьбірваецца – набажэнствы праходзяць эпізадычна. Тут упершыню адчуваецца восень.
Прыкідваем, як нам праехаць да Талачына, каб не трапіць зноў на якую гравейку. Прамой дарогі няма, ёсьць два варыянты: праз Касянічы і праз Абчугу. Вырашаем так: калі да Касянічаў будзе асфальт, паедзем тудою. У Асечаным трапляем у засаду міліцыі (радзівілаўскай?). Зьміцер пасьпявае праскочыць, мяне ж запыняе даішнік. Гледзячы па сур’ёзнай камплекцыі, можа быць начальнік Крупскага ДАІ. Распытвае, куды едзем, чаму шведскі сьцяг (“а, типа по приколу?”), я ў сваю чаргу спрабую высьветліць наконт дарогі да Талачына. Але ён ведае толькі сваю вотчыну.
Уцякаем (пасьпяхова) ад дажджу. Дарога цудоўна заасфальтаваная, у сэньсе, яшчэ не разьбітая, – на крайняй поўначы раёна мала хто езьдзіць. У вёсках людзі на лаўках замаўкаюць і паварочваюць галовы нам усьлед. Нясемся на неверагоднай хуткасьці. Не даязджаючы Касянічаў зварочваем у лес. Дарога пабіта лужамі, пятляючы між якімі даязджаем да Літвякоў (Талачынскі раён). Тут бабкі проста раты раззяўляюць пры нашым зьяўленні. У адным месцы чую рэпліку: “Што гэта за людзі, у нас такіх яшчэ не было…”. Яшчэ колькі кіламетраў пясчанай дарогі без пакрыцця, і выязджаем у Воласава. Да Талачына кіламетраў дваццаць прамой дарогі “з белым цвёрдым пакрыццём” (учора спрачаліся, што гэта такое, аказалася – бетонка).
Праязджаем на адным дыханні. Абапал дарогі – зарасьнікі завезенага з Амерыкі баршчавіка вышынёй у некалькі метраў. Атрутнага, дарэчы. Шосты раз трапляем пад дождж.
У Талачыне глядзім уніяцкую царкву з кляштаром XVIII ст. (віленскае барока) і касьцёл. На вакзале нас сустракаюць дэзертыры, якія пакаяліся. Пакуты сумлення і схільнасьць да прыгодаў вяртаюць у нашы шэрагі Ташу і Яўгена. Дэзертыры ад’еліся і адаспаліся, што відаць няўзброеным вокам. Генерал павёў сябе паблажліва, толькі паўшчуваў па-бацькоўску. Зноў разам едзем у Друцк начаваць. У Сінчуках набіраем у бабулькі вады. У калодзежах тут не пакідаюць вёдры (ага, мы на ўсходзе). Затое мясцовыя ведаюць, што Друцк некалі быў цэнтрам княства (“тут была сталіца і свая асобная дзяржава”). Ужо ў поцемках прыязджаем на замчышча і ставім пад дажджом палатку. Надвор’е канчаткова папсавалася. Вецер усю ноч трэпле наш намёт, пагражаючы яго парваць і зьнесьці нафіг.
Die 26. Вецер і дождж не спыняюцца, нагадвае шторм. Самае паскуднае, што прыходзіцца ехаць амаль насустрач ветру да самага Круглага. У Круглым, якое здаецца хутчэй Прамавугольным (а на мапе выглядае як Трохвугольнае), едзем праз усё мястэчка, шукаючы пошту. Спрабуем дазваніцца ў Шклоў да турбазы ці якой гасьцініцы, бо перспектыва начаваць у такое надвор’е на сьвежым паветры не прываблівае. Нумары ў гасьцініцы нібыта ёсьць, але пакуль не браніруем. Дарога з Круглага да Шклова – проста супер, мокры асфальт выглядае амаль як люстра, вецер дзьме ў сьпіну, можна не круціць, і ўсяго праз дзьве гадзіны мы ўжо ў Шклове. (Спуск да Дняпра-а-а-а-а!!!!!!!!!!!!!)
Шклоў нагадвае па сваёй архітэкруры расейскае купецкае мястэчка. Высокія выцягнутыя вокны з разьбой у высокіх драўляных хатах. Ратуша і касьцёл сьведчаць, што мы ў Беларусі. У Беларусі XIX ст., калі ўлічыць адсутнасьць гарачай вады ў гасьцініцы і ў горадзе наогул. Толькі па выходных, калі верыць цётачцы з гасьцініцы. Цёценька паведамляе, што месцаў няма і прапануе пасяліць нас па двух у аднаасабовыя, узяўшы з кожнага поўную плату. Калі б яшчэ там была гарачая вада, а так. Бачылі мы такія варыянты.
Надзея адна – рымакаталіцкі касьцёл. Грукаемся ў плябанію і калі выходзіць ксёндз, пачынаем наперабой у тры галасы тлумачыць сітуацыю. Айцец Аляксандар выслухаў нашу амаль істэрыку і са спакоем у голасе запрасіў зайсьці папіць гарбаты (“а там што-небудзь прыдумаем”). Зрэшты, меў гатовы варыянт – будынак перад касьцёлам, прызначаны акурат для гасьцей. Там шмат пакояў, найбольшы з якіх адразу ж абкладзены і абвешаны нашымі мокрымі рэчамі. Размова за гарбатай ідзе пра закінутыя касьцёлы на Магілёўшчыне і іх аднаўленне. Упершыню за доўгі час бачым нармальную чалавечую пасьцель.
Die 27. Пасьля доўгіх збораў пакідаем гэта гасьціннае месца. На выезьдзе са Шклова на яўгенавым ровары (ужо іншым) рвецца ланцуг. Пры дапамозе сякеры ўдаецца яго закляпаць. Працягваем шлях на ўсход і выязджаем да памятнага саўгаса “Гарадзец”. Тут пабудаваны нейкія палацы з вежамі (нечым нагадвае шклоўскую ратушу), паказуха, адным словам; сам саўгас – на баланьсе “Беларусьбанка”.
Потым зварочваем на поўдзень і едзем па трасе Е-95, таксама памятнай па песьні Кінчава. Уздоўж трасы – паштовыя станцыі XIX ст., нам трапіліся прынамсі дзьве. Не заязджаючы ў Магілёў зварочваем на Чавусы, потым перасякаем чыгунку і па палявой дарозе едзем да вёскі Пятровічы.
У Галянях глядзім каменную царкву XIX ст., дастаткова прыгожую. Цэрквы на Магілёўшчыне, як і ўвогуле помнікі архітэктуры, сустракаюцца рэдка, – мала дзе захаваліся. Тут таксама ў калодзежы няма вядра. Зьміцер пайшоў да бабкі прасіць, а яна не дала. Можа таму, што ўжо вечарэла і пабаялася, але тым не менш.
Адтуль выязджаем на дарогу з Магілёва да Прапойска ў раёне Амховай. Ужо амаль сьцямнела, а па нашых разьліках сёння трэба праехаць яшчэ кіламетраў пятнаццаць. Вырашаем ехаць у цемнаце. Маем два ліхтары, я і Зьміцер вешаем іх на лоб, я еду наперадзе, Зьміцер замыкае калону.
У вёсцы Смолка спыняемся набраць вады. Вядро на месцы. Нягледзячы на тое, што ужо значна сьцямнела, вырашаем ехаць па абранаму маршруту і строга ў адпаведнасьці з гістарычнай праўдай. Г. зн., трэба наведаць вёску Бясчынне, якая ляжыць трошкі ў баку ад сённяшняй трасы. Намі апаноўвае нейкая авантурная ўпартасьць. Паварот на Кутню, потым яшчэ адзін направа і вось мы недзе выязджаем. Шыльды няма, таму ўзьнікае сумненне. Едзем на другі канец вёскі і знаходзім-такі запаветную шыльду.
Выязджаем зноў на трасу. Я амаль цэлы час трымаю ліхтар выключаным, каб зэканоміць батарэйку. Працягваем шлях у поўнай цемры, сьвеціцца толькі разьмежавальная паласа пасярэдзіне. Адчуванне, што ты едзеш на месцы. Паддаемся пад гіпнатычнае ўзьдзеянне дарогі і адчуваем, як нас закалыхвае. Роўная дарога, начны ветрык і стомленасьць. Намагаюся трымацца белай фосфарнай паласы.
Увогуле дзіўна, што ніхто не заснуў і не ўпаў. Прыпыняемся на ўзьдзе ў Ваўкавічы, каб праскочыць іх на адным дыханні і з чыстым сумленнем зьвярнуць у лес і паставіць палатку.
Die 28. Начавалі мы непадалёк ад неіснуючага сёння засьценка Беліца, на што ўказвае шыльда на мосьце праз аднайменную рэчку. Бясчынне, Гразівец, Пацяраеўка – нейкія закінутыя і пацераныя мясьціны. У Гразіўцы купляем марожанае “Лёва” (як мы ласкава называем паміж сабой Генерала). У Лапацічах робім паварот управа і едзем па лясной дарозе на Лясную. Спрабую ўявіць, што было б з гэтай дарогай, калі б па ёй прайшлі некалькі тысяч вазоў. Увогуле, амаль пераадолеўшы ўвесь гэты шлях, пачынаеш глыбей разумець, чаму Левенгаупт так доўга ішоў.
Лясная адчыняецца перад намі трохі з нечаканага боку. Тут адбываецца рэстаўрацыя, рамонт і добраўпарадкаванне. Відавочна, падрыхтоўка да юбілею і канферэнцыі. У мемарыяльнай капліцы 1908 г. унутры рыштаванні. Арла з помніка зьнялі – мяняюць пастамент. Музей зачынены на рамонт. На нас ніхто не зьвяртае ніякай увагі. Таксама свайго роду параза. Нават пра сьцяг не пытаюцца. Трохі пакруціўшыся, праз новы сьвежазьлеплены аграгарадок выязджаем на знаёмую прапойскую шашу.
Трыццаць зь нечым кіламетраў да Чавусаў за нейкія дзьве гадзіны і сядаем на дызель да Магілёва. (N.B. Лідскі квас!!!). Тут ровары – у багажны вагон, далей правал у памяці. Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |