"Скарбы славянскай культуры" чакаюць грошай
У кастрычніку 2004 года ў Маскве была падпісана Дамова аб супрацоўніцтве па рэалізацыі праекту "Скарбы славянскай культуры" паміж Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай (РГБ) і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі (НББ). Мелася быць вялікая праца па сумеснай аблічбоўцы унікальных кніг, якія ўяўляюць узаемавыгадная цікавасць для беларускіх і расійскіх экспертаў
Да пачатку 2007 года праводзілася навукова-даследчая праца па праекце і выяўленню матэрыялаў. Адмыслоўцы, у прыватнасці, працавалі з калекцыямі кірылаўскага і эмігранцкага друку, старадрукаванай беларускай кнігі лацінскага шрыфта, рукапісаў. Складзеныя спісы кніг з асобных калекцый для аблічбоўкі, а таксама распрацаваны план чарговасці аблічбоўкі калекцый і асобных кніг з фонду НББ. Аднак дагэтуль не вырашанае пытанне фінансавання.
Па словах дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Кацярыны Ніканоравай, у Беларусі ёсць каштоўная калекцыя кніг з аўтографамі рускіх эмігрантаў, а РГБ, у сваю чаргу, валодае калекцыяй кніг аб Беларусі, выдадзеных у Вялікім Княстве Літоўскам у XVI-XVIII стагоддзях.
Аднак зараз павінна быць рэалізаваная тая частка сумеснай працы, якая патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў: аблічбоўка поўнафарматных дакументаў, стварэнне электроннага каталога, уласнага электроннага рэсурсу і г.д. Але грошай няма. К.Ніканорава лічыць, што рашэнне дадзенай сітуацыі знаходзіцца ў кампетэнцыі кіраўніцтва ўрадаў дзвюх краін, паколькі тут неабходна адмысловае фінансаванне. Першапачаткова на рэалізацыю праекту планавалася вылучыць каля 10 млн. расійскіх рублёў.
Аддзел рэдкай кнігі РГБ ужо падрыхтаваў інфармацыю аб наяўных у фондзе старадрукаваных 52 беларускіх кнігах лацінскага шрыфта. У 2007 году Расійская бібліятэка падарыла Беларусі 7 CD-ROM з электроннымі копіямі Слуцкага Евангелля 1539 года (6 дыскаў) і Мінеі службовай 16 стагоддзя (1 дыск). А ў 2004 годзе ў РГБ, у аддзел рускага замежжа, былі перададзены спіс 1099 кніг перыядычных эмігранцкіх выданняў.
Праект "Скарбы славянскай культуры" уваходзіць у праграму па сумеснай аблічбоўцы скарбаў кніжнай культуры нацыянальных бібліятэк краін СНД і развіваецца ў рамках праграмы ЮНЭСКА "Памяць свету".
P.S. Калі ўжо не варта пытанне аб рэстытуцыі каштоўных выданняў, то мы хоць бы ў электронным выглядзе змаглі пазнаёміцца з імі.
Алена САВЕНЯ
Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |