Калядны фэст: суб’ектыўна пра вынікі 25 снежня, у адзін з дзён зімовага сонцастаяння, у менскім клубе “Стэп” адбыўся Калядны фэст – канцэрт сярэднявечнай музыкі з удзелам беларускіх гуртоў розных стыляў. А 18-й гадзіне у “Стэп” пачалі прыходзіць “квіткі”, каб на працягу чатырох гадзін з лішкам глядзець, падкрыкваць, танчыць і ўшчэнт (з радасцю) змарыцца пад акампанемент дуды, ліры, свірэлі, лютні, цыстры, шалмея, скрыпкі… Гук, дарэчы, у клубе быў неблагі. Але да пачатку ўсе квадратныя метры “Стэпу” займалі мітусенне, кароткія рэпетыцыі гуртоў, фотасесіі ўдзельнікаў і амаль незаўважны водар кальяну дзесьці ў клубе. Ды ўсюдыісны твар прадзюсара фэсту Змітра Сасноўскага (“Стары Ольса”), які пільна сачыў за добрай арганізацыяй выступоўцаў. ***Выступоўцы: “Гальярда”, “Стары Ольса”, “Тэстаментум Тэррэ”, “Келіх кола”, “Ліцьвінскі хмель”, “ЛітвінТроль”, “СтараЛітва”, “Яварына” ды іншыя. Планавалася, што на фэсце можна будзе пабачыць дый паслухаць майстра, выканаўцу на традыцыйнай ліцвінскай дудзе Тодара Кашкурэвіча, але, на жаль, не трапілася такога выпадку (наколькі я зразумела, спадар Кашкурэвіч захварэў).
У той містычны снежаньскі вечар у клубе сабралася столькі людзей, што вельмі хутка мясцовы клімат узяў арыентыр на экватарыяльны, асабліва для тых, хто таньчыў у натоўпе. Тона драйву, якім напоўніла паветра музыка ды спевы, проста прыціснула свядомасць да чагосьці гістарычна-таямнічага, сапраўднага – і сведкам быў кожны з прысутных. Нашыя гурты як заўсёды былі на вяршыні (апроч таго, жартавалі са слухачамі, што таксама прыемна). Хачу закцэнтаваць увагу на “СтараЛітве” – не дзеля бессаромнага PR, а таму, што мне давялося ў ёй выступаць. Музычна-паэтычныя сеансы варажбы – гучыць досыць трапна, бо гукі бурдона Скіргайлы Паланецкага (стваральніка гурта), якія зліваліся са старабеларускім маўленнем трох вайдэлотак (я была адной з іх), інакш назваць цяжка. Сказаць магу адно: адчуць розніцу паміж “глядзець на сцэну” і “глядзець са сцэны” раю кожнаму. …Апошнімі выступала спадарства з “ЛітвінТроль”: дуда, цыстра і флейта ў спалучэнні з рокавымі аранжыроўкамі. На танцполе проста знесла дах ад гэткай музыкі і “анёльскага” голасу накшталт “Лордзі”. Вялікія намагінні прабіцца праз траўманебяспечны натоўп прыйшлося прыкласці нават Юрасю Панкевічу, стваральніку і кіраўніку гурта “Тэстаментум Тэрра” (а па сумяшчальніцтве – рыцару дзявоцкіх сэрцаў). Карацей, калі абыйсці пытанні экзістэнцыяльных пазіцый гуртоў сярэднявечнай музыкі на Беларусі, узроўню дасведчанасці насельніцтва пра іх існаванне і неабходнасць, а спыніцца на маленькім, але калядным фэсце… То было файна. P.S. Пра што думаў дудар і знакаміты батлеяр пан Скіргайла, назіраючы за дзікунствамі прыхільнікаў выдатнага метал-фолька ад “ЛітвінТроля”, так і засталося загадкай… Алена САВЕНЯ ДАВЕДКА (з выкарыстаннем інфармацыі www.concert.by) “Стары Ольса” – гурт сярэднявечнай музыкі, які займаецца рэканструкцыяй музычных традыцый Вялікага княства Літоўскага. Для выканання выкарыстоўваюцца максімальна дакладныя (па канструкцыі і тэхналогіі) копіі старажытных беларускіх інструментаў – дуды (валынкі), ліра, гуслі, свірэль, лютні, цыстры, шалмеі, барабаны і інш. “Testamentum Terrae” (з лацінскай “Запавет зямлі”) – гурт сярэднявечнай музыкі, які выкарыстоўвае копіі інструментаў XV-XVІІІ стст.: беларускія дуды, лютню, шалмеі, жалейкі, скрыпку, бубны, барабаны і інш. Гурт удзельнічае ў фестывалях сярэднявечнай культуры і арганізуе ўласныя танцавальныя вечарыны. “Ліцьвінскі Хмель” – гурт еўрапейскай і беларускай медывальнай музыкі, які выкрыстоўвае дуды, флейты, мандаліну, скрыпку, раўшфайфы, а таксама перкусію еўрапейскай, арабскай ды афрыканскай традыцыі. “ЛітвінТроль” – гурт, які выкарыстоўвае традыцыйныя беларускія дуды, цыстру і флейту ў спалучэнні з рокавымі аранжыроўкамі. Тэксты гурта ствараюць арыгінальныя міфалагічныя вобразы “старадаўняй Крывіцкай зямлі”, пры гэтым музычная скаладаючая ахоплівае самыя разнастайныя стылі ад метал-фолька да хард-кора. “Келіх кола” – гурт народных беларускіх і латышскіх танцаў, якія выконваюцца на такіх інструментах як гуслі розных тыпаў, беларускія дуды, бубен, флейта і акардэён. Дуэт Наталлі і Дзяніса Сухіх – максімальна набліжанае да аўтэнтычнага выкананне народных песняў (Наталля) у суправаджэнні традыцыйнай беларускай дуды (Дзяніс). Рэпертуар дуэта ўтрымлівае песні, занатаваныя падчас уласных эскпедыцый, а таксама сямейны архіў Наталлі Сухой, архіў Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і ўласны архіў этнографа І.Мазюк. Тодар Кашкурэвіч – майстар, этнограф і выканаўца на традыцыйнай ліцьвінскай дудзе. Даследуе традыцыю дуды на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Аднаўляе традыцыйную манеру выканання і традыцыйны дударскі рэпертуар нашых земляў. “Гальярда” – гурт, значную частку рэпертуару якога складаюць старадаўнія брэтонскія танцы. Але музыкі не абыходзяць увагай і Радзіму – творы з “Полацкага сшытка”, а таксама ўласныя стылізацыі народных песняў. Старадаунія інструменты (беларуская дуда і жалейка, еўрапейскі шалмей і раушфайф) выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з сучаснымі (гітара і скрыпка). “Рада” – малады гурт беларускай народнай музыкі, які ставіць мэту папулярызацыі народнай вакальнай і інструметальнай культуры. Выкарыстоўваюцца беларускія дуды, гармонік, парныя дудкі, бубен, барабан і спевы. “Гістрыён” – танцавальны гурт, які займаецца аднаўленнем народных (беларускіх, латышскіх, літоўскіх і інш.) і прыдворных еўрапейскіх танцаў Сярэднявечча і Рэнесанса. Адметнасцю творчасці гурта з"яўляецца спалучэнне танцавальных і агнёвых пастановак з тэатральнымі мініяцюрамі. Гурт з"яўляецца ўдзельнікам Міжнарожнай асацыяцыі гістарычнага танца. “Яварына” – тэатр старадаўняй культуры, у рэпертуары якога – народныя, гарадскія, прыдворныя танцы беларускага і еўрапейскага Сярэднявечча і Рэнесанса, а таксама вогненная імпрэза, сцэнічны бой, праца з піратэхнікай і арабскі танец. У склад тэатра ўваходзяць музыкі, якія выкарытоўваюць дуды, жалейкі, шалмеі, флейты, цыстру і барабаны. “СтараЛітва” – гурт, які стварыў музыка і паэт пан Скіргайла Паланецкі для прэзентацыі даўніх ліцьвінскіх традыцый. Выступы гурта пераўтвараюцца ў перфомансы, дзе гучаць вершы на старабеларускай мове ў суправаджэнні дуды. Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |