Ізноў на госці да Караткевіча У кожнай арганізацыі – свае традыцыі. І мы не з’яўляемся выключэннем, бо ўжо традыцыйнымі сталася для нас вандроўкі ў Оршу. І не абы-калі – а акурат на Дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Ну, ці амаль у Дзень народзінаў. Гэтым разам – 25 лістапада 2007 года. Хто такі Уладзімір Караткевіч – сёння тлумачыць не трэба. Пісьменнік, паэт, перакладчык, сцэнарыст, публіцыст, крытык... Працягваць гэты радок можна бясконца. Але беларусы перадусім ведаюць яго як стваральніка беларускай гістарычнай прозы і палымянага патрыёта.
У Оршу выправіліся дзвюма сяброўскімі кампаніямі: няўрымслівыя жаўрукі паехалі а шостай раніцы, большыя аматары начнога і ранішняга адпачынку – ледзь не спазніліся на цягнік, што адыходзіў ад вакзала амаль у дзевяць гадзінаў. Дарогай ніхто не сумаваў, столік каля плацкартных паліцаў хутка ператварыўся ў сапраўдны шведскі стол, а гарачая гарбата не дала нам замерзнуць (бо лістапад хоць яшчэ і не снежань, але упарта нагадваў пра непазбежны надыход апошняга). Прыехалі – у самым лепшым гуморы. Гэтым разам мы вырашылі выправіць свае мінулагоднія памылкі, таму пасля хуткага агляду вакзала і помнікаў, звязаных з чыгункаю, мы адразу скіраваліся да этнаграфічнага музею з цікавай назваю – “Млын”. Чаму “Млын”? Ды таму, што месціцца музей у будынку былога млыну (самага сапраўднага)! І трэба прызнацца, што магутны, масіўны драўляны будынак вельмі пасуе гэтай справе! Музей на сам рэч вельмі цікавы. І – не без сюрпрызаў. Прыемнай нечаканкай і цікавай забавай сталася апрананне спецыяльнага музейнага абутку. Вось як! Няхай зайздросцяць усе мінскія музеі, старадаўняя шляхетная Орша пераўзышла іх у гэтым пытанні. Так трымаць! Але як высветлілася праз хвіліну, экскурсію тут нам могуць правесці толькі на рускай мове... Гэта было непрыемнай неспадзеўкай. Што ж, давялося слухаць як ёсць. І – не пашкадавалі! Далібог, весела было чуць фразы кшталту: “А вот такие кашулі носили белорусские крестьяне...” Калі ж пакінуць жарты, то экскурсія сапраўды была добрай. Бо ў такім музеі не можа быць іначай. Першы паверх мае больш-менш стандартную экспазіцыю, якую можна паглядзець амаль у любым этнаграфічным музеі краіны: пабытовыя рэчы, посуд, прылады працы, інтэр’ер. Другі – сапраўдны буцік! Сукенкі, камізэлькі, спаднічкі, андаракі, посцілкі, ручнікі... Цяжка спыніць позірк на нечым адным, вочы так і прагнуць разбегчыся ў розныя бакі. Як высветлілася, тут месціцца спецыяльна сабраная калекцыя строяў і розных тканак-вышыванак з Аршаншчыны. І працы, што створаныя рукамі мясцовай мастачкі, вышываныя па аксаміту шаўковымі ніткамі карціны. Гэта неімаверна апісаць, гэта трэба толькі пабачыць. Да жалю, я не запомніла імя іх стваральніцы. Пасля музею – экскурс па горадзе. Ад таго месца, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, а цяпер у гонар яму стаіць помнік, праз школу – да дому, дзе і сёння жывуць яго родзічы, дзе, ўжо будучы вядомым літаратарам, любіў гадзінамі сядзець у фатэлі каля хаты.
І вось нарэшце – самая ўрачыстая, самая доўгачаканая частка. Музей Уладзіміра Караткевіча. Светлае, узнёслае месца. Тут няма тыповага музейнага духу, калі адчуваеш, што экспанаты і дэкарацыі з пагардаю глядзяць на цябе – маленькага, шараговага, нязначнага, а на твае плечы з усяе моцы навальваецца гісторыя. Тут высокая столь, замест якой ты бачыш неба і адчуваеш, што крылы самі растуць за тваёю спіною. Тут немагчыма не спяваць і не чытаць вершаў. І мы не трываем – пачынаем імпрэзу. Гучаць вершы. Пра Оршу, пра Беларусь, пра паўстанцаў і пра каханне. Гучаць спевы. На словы Караткевіча і пра яго. Гучыць Караткевіч. Сёння ён з намі, між нас, у нашых вершах, у нашых спевах, у нашых душах. Час прабег незаўважна. Маленькая экскурсія па музею – і мы змушаныя развітвацца з музеем ды бегчы на вакзал. Але святочны настрой не застаўся на парозе музею. На пероне мы танчым Маразулю. Мінакі кідаюць здзіўленыя позіркі ў наш бок, хтосьці з моладзі ўсміхаецца – яны пазналі гэты танец. Прыйшоў цягнік. Невялічкая прыгода з квіткамі – і мы едзем дадому. Але працягваем граць на праварукай і леварукай гітарах і спяваць ў цягніку. Пра каханне, пра герояў, пра Беларусь. Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |