У ліпені 2008 году выпала патрапіць у грунтоўную вандроўку на самы захад Гарадзеншчыны. За тыдзень мы паспелі наведаць Горадню, Свяцк, Сапоцкін, натрапілі на рэшткі так званай лініі Молатава, былі на Хрышчонай горы і ля трох крыжоў, у Аўгустоўскай пушчы і на гарадзенскім Форце № 1, пабачылі разбураныя вандаламі нямецкія могілкі, а таксама адчулі, што ў нас завецца памежнай зонай.
Не пашанцавала толькі з надвор’ем... А ўвогуле вандроўка атрымалася выдатнай!
На пачатку свайго фотарэпартажа я зрабіў некалькі фотаздымкаў “экскаватарнай” рэканструкцыі Горадні, таксама яго цудоўных манументальных архітэктурных помнікаў. Шкада спляжанага Савецкага пляцу і Харальнай сінагогі, якая ледзьве трымаецца. Уражанне пра Горадню, за выключэннем сучаснай рэканструкцыі, склалася станоўчае: шмат кветак і утульнасць старога Горада.
Другім асобным радком сваёй вандроўкі распавяду пра адзін з дыяментаў беларускай архітэктуры – палац Валовічаў ў Свяцку. Некалькі пакояў да нашых дзён цудам захавалі аўтэнтычны інтэр’ер, аздабленне. Ад сутарэнняў да даху – пяць паверхаў! Стварыў гэтую жамчужыну італьянскі архітэктар Джузэпа Сака. Гісторыя палаца авеяна легендамі. І на сённяшні дзень ў некалькіх пакоях хаваюцца прывіды. Падцвержаньнем гэтаму з’яўляюцца фотаздымкі турыстаў. Выявы прадметаў на іх расплываюцца, аднекуль узьнікаюць лятучыя сьветавыя шары. Уначы шоргат і грукат даносіцца менавіта з другога паверха, з тых, аўтэнтычных, пакояў. Пра гэта расьпавядаюць вартаўнікі і былы галоўны ўрач санаторыя (такі статус меў палац за савецкім часам) – Тэрэза. Уважліва прагледзьце фотаздымкі і вы ўбачыце, не стае рэзказці на фотаздымках калоннага пакоя.
Вельмі цікавае для турыстаў мястэчка – Сапоцкін, дзе знаходзіцца, пэўна адзіная ў Беларусі, вуліца імя Яна Паўла Другога. Дагледжаныя падвор’і, утульнасць і чысціня надаюць Сапоцкіну асобую прыцягальнасць. Тут захаваліся вялікія габрэйскія могілкі, дзе можна пабачыць нават саркафагі заможных нябожчыкаў, каталіцкія могілкі з неагатычнымі капліцамі магнатаў, ўніяцкія могілкі, зруйнаваныя за савецкім часам, і могілкі нямецкіх жаўнераў з Першай Сусьветнай. Апошнія знойдзіце ў садзе аднаго з жыхароў (насупраць лясніцтва) Але спытайце дазволу, каб агледзець.
Па дарозе да Аўгустоўскага канала знаходзіцца напаўразбураны ДОТ, адзін з умацаваньняў так званай лініі Молатава, якую не пасьпелі дабудаваць, таксама шмат крыжоў. Традыцыі ў гэтых мясцінах такія: дзе загіне чалавек – тое месца адзначаюць крыжом, ці помнікам. Шмат легендаў зьвязана з крыжамі. З правага боку адлегласьці Сапоцкін – Аўгустоўскі канал (не прамініце!) Вы ўбачыце вялізны валун з умацаваным наверсе, часткова пашкоджаным крыжом. Побач стаіць вялізны крыж, на ім – легенда з надпісам па-польску:“ Хрышчона гара. Тут хрысцілі дзяцей католікаў.” Пра гэта месца ёсць сваё паданьне. Вам яго раскажуць мясцовы жыхары. З левага боку за Хрышчонай гарой пад кронамі дрэў схаваліся 3 помніка. Гэта сьвятое месца для беларусаў з назвай “Тры крыжа”. Па легендзе тут закатавалі пяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Першы помнік быў усталяваны праз паўстагоддзя пасля тых падзей.
Аўгустоўскі канал не падаўся асабліва наведвальным: каля некалькіх дзесяткаў машын каля яго галоўных шлюзаў. Адсутнасьць інфраструктуры, спрошчанага перасячэньня заходняй мяжы стрымлівае турыстычны паток.
За Аўгустоўскім каналам і да самай мяжы з Літвой і Польшчай захаваліся рэшткі Аўгустоўскай пушчы. Тут створаны Сапоцкінскі і Гожскі батанічныя заказнікі, бруяцца празрыстыя сцюдзёныя рэчкі, падточваюць пясчаныя стромкія берагі з кашлатымі дубамі. А ў іх дуплах выводзяць птушанят пугачы. Сярод дрэваў хаваюцца блакітныя вочы азярын. Гудзе векавая пушча, расьцілаюцы пад нагамі чарнічныя дываны!
На зваротным шляху мы наведалі помнік ахвярам фашызму. Форт № 1 Гродзенскай крэпасці. Адзін з ДОТаў і разбураныя вандаламі нямецкія могілкі знаходзяцца побач.
Ведайце, што ваколіцы канала з’яўляюцца памежнай зонай. Таму загадзя падайце заяву (гэта можа быць просьба дазвола Сапоцкінскага сельсавета, турыстычнай, ці іншай арганізацыі на Ваша імя) ў свой пашпартны стол, каб ў дзесяцідзённы тэрмін атрымаць дазвол.
Жадаю прыемных ўражанняў ад фотавандроўкі! Здзейсьніце пасьля па сапраўднаму!
Аляксей Дужы, сябра МГА "Гісторыка" (г. Гомель). Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |