|
Не працай адзінаю жывыя сябры "Гісторыкі"!.. Мінулая субота (22 верасня) сталася нечаканым, але вельмі прыемным падарункам для жыхароў Беларусі. Усім добра вядомы "закон подласці" ў рэшце рэшт не спрацаваў - і гожы, сонечны дзень выдаўся не сярод працоўнага тыдню, а прыпаў на выходныя! Няўрымслівыя сябры "Гісторыкі" адразу ж скарысталіся з абставінаў і вырашылі... не, не адпачыць. Сябры "Гісторыкі" вырашылі скарыстаць гэты дзень для самаадукацыі, прадметам якой сталася вывучэнне даўніх легендаў сядзібы Прушынскіх ў вёсцы Каралішчавічы.
Каралішчавічы - вельмі маляўнічае месца. Дастаткова сказаць, што іх у свой час упадабаў нават Якуб Колас. А дзядзка Якуб, будзьце ўпэўненыя, меў у гэтай справе адменны густ. Ды і ад Мінску - усяго толькі два кіламетры... Таму самаадукацыі ў гэты дзень не змагла перашкодзіць нават адукацыя ва універсітэтах (у асобных сяброў нават да 3 гадзінаў - і тое ў суботу!). Пабраўшы заплечнікі і самае неабходнае для самаадукацыі (г.зн. печыва, мяса, шампуры, запалку і сякеру і - вядома ж! - фотаапарат) пашыхтаваная харугва маладой беларускай шляхты рушыла ў метро. Пасля была перасадка на аўтобус і марш-кідок па сапраўднай пустэльні. Уздоўж сцяжыны, што вяла сяброў "Гісторыкі" па распаханаму і (калі меркаваць па вялізарных калоніях птушак, што абедалі там) ужо засеянаму на зіму полю, не было ніводнай травіначкі. Але адсутнасць хаця б якіх арыентыраў не збіла з панталыку аматараў старадаўніх сядзіб, і інтуіцыя некалькі разоў падказвала ім правільную развілку на сцежцы. Крыху ўразіў пераход праз чыгунку. Дакладней тое, што пераходу з дошак або бетонных плітаў, як мы звыкліся бачыць на станцыях, і не было. Але гэта не дзіва - ніхто і не чакаў, што пратаптаная праз усё поле, каб скараціць шлях па дарозе, сцяжына прывядзе падарожнікаў да абсталяванага пераходу. Діўна было тое, што за спантанным пераходам была... дабротная бетонная лесвіца, каб аматары скарочваць шлях, не куляліся з чыгуначнага валу, як крыжакі пад Наваградкам, а ў добрым здароўі даходзілі да вёскі. Вось такім нечаканым чынам часам выяўляецца беларуская гасціннасць. Прыемна! Пасля агляду мясцовых краявідаў, мабыць, праз покліч генетычнай пямяць, сябры "Гісторыкі" звярнулі ў лес. Пры пільным аглядзе высветлілася, што гэта была сапраўдная маладзенькая дуброва. Самаадукацыі ў гэты дзень спрыяла ўсё: на ўскрайку дубравы сам сабою перад намі расцяліўся бязмежны альпійскі луг, сама сабою (ну, мабыць яшчэ з невялічкаю дапамогаю Аляксея Кандратовіча) знайшлася прыгожая дзялянка для вогнішча і нават падрыхтаваны драўляны мангал. (Нарыхтаваныя ў 50 метрах дровы знайшліся, на жаль, ужо пасля таго, як былі нарыхтаваныя свае.) У цеснай сяброўскай кампаніі і ў зусім фармальных абставінах (яшчэ зялёнае поле і лес, за альпійскім лугам - кіслотны колер мінскага заводу) сябрамі "Гісторыкі" былі абмеркаваныя праекты на бліжэйшы час, прынятыя рашэнні па шэрагу важных пытанняў. У прыватнасці, нарэшце быў накіданы чарнавік умоваў конкурсу "Легенда для помніка" (таксама вядомы асобным чальцам арганізацыі пад кодавымі словамі "шыльдачкі" і "слупы"). Прыемны водар ад шашлычкоў не толькі нахабна казытаў нос і страўнік, але таксама спрыяў з'яўленню крэатыўных ідэй наконт будучыні сучаснай гістарычнай навукі. Паверце сябры, гэтая субота не прайшла марна, бо аматары гісторіі ўмеюць не толькі плённа працаваць пад час адпачынку, але і плённа адпачываць пад час працы! Анёльскі Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |