Гісторык з Швецыі на Гістфаку БДУ У пятніцу (18 траўня), як звычайна, адбылося незвычайнае паседжанне Клубу па актуальных пытаннях гісторыі. З Швецыі адмыслова для прэзентацыі сваёй кнігі, што пабачыла другое дапоўненнае і ўдакладненае выданне, “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў”, прыехаў ейны аўтар Андрэй Катлярчук, пры падтрымцы шведскага консульства ў Беларусі і, у прыватнасці, шведскага консула сп.Стэфана Эрыксана.
Спецыяльна для МГА “Гісторыка” сп.Катлярчук правёў невялікую лекцыю на гістарычным факультэце БДУ. Лекцыя ішла пра рознае: як можна ў інтэрнеце знайсці дакументальныя крыніцы па гістарычных дачыненнях Швецыі і Беларусі, як можна выехаць судэнтам, аспірантам, кандыдатам і доктарам гістарычных навук у Швецыю і прайсці тамака навучанне або стажыроўку і інш. Сп.Катлярчук адказаў на шэраг розных пытанняў на розныя тэмы.
Кожны прысутны атрымаў другое выданне кнігі “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” як падарунак ад шведскага консульства. Андрэй Катлярчук пакінуў і свае аўтографы ўсім, хто пажадаў. У заключнай частцы, выступіў вядомы дудар і музыка сп.Зміцер Сідаровіч, які давёў прысутным на прыкладах музычных фальклорных твораў для дуды з Швецыі, Ірландыі і Беларусі, што беларуская і швэдская дударскія традыцыі ёсьць вельмі блізкімі, а таксама выканаў некалькі сваіх песень пад гітару. Сустрэча прайшла ў цёплай і вясёлай атмасферы. Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |