Стан сістэмы аховы спадчыны ў Беларусі
У размове прынялі удзел Уладзімер Папруга, архітэктар, выпускнік ICROM (Рымскага цэнтру) і Наталля Хвір, супрацоўніца Упраўлення аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства Культуры Рэспублікі Беларусь.
У. Папруга падзяліўся сваім уражаннем ад стану захавання помнікаў гісторыі і культуры ў нашай краіне. На жаль, пакуль што праца па захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны вядзецца нездавальняюча. Па словах У. Папругі, кожная новая адміністрацыя прыходзіць, і ў гістарычных цэнтрах беларускіх гарадоў, як на новым месцы, спрабуе пабудаваць нешта сваё. Знішчэнне гістарычных і культурных помнікаў пры гэтым сваёй мэтай мае не толькі вызваленне месца пад новыя будынкі, але яно скіравана супраць самой гістарычнай памяці народа.
Закрануўшы тэму разбурэнняў часоў ІІ сусветнай вайны, У. Папруга прывёў прыклад Варшавы, якая была разбурана да "узроўню цокаляў", а цяпер яе гістарычны цэнтр адноўлены і пераўтвораны ў прывабную турыстычную зону. Разбурэнне ж беларускіх гарадоў працягнулася і па завяршэнні вайны: "У нас проста вайна не закончылася. І стан Менску 2007 году - гэта стан Варшавы 1944-га году..." Пры гэтым У. Папруга адзначыў, што ў беларускай сталіцы яшчэ ёсць магчымасць вярнуць гісторыка-культурную і эстэтычную прывабнасць: "У Менску перспектывы проста каласальныя. Таму што горад Менск... з пункту гледжання гісторыі мастацтва вельмі цікавы аб'ект. Горад мае абсалютна выразную еўрапейскую планіровачную структуру - рэнесансную, калі браць прывязку да плошчы Свабоды". Але гэта зробіцца магчымым толькі тады, калі кіраўніцтва гораду і краіны здолее дабіцца выканання прынятага ў 1992 годзе Закону аб ахове гістарычных помнікаў і спыніць разбурэнне гістарычнай спадчыны і стварэння на яе месцы навабудаў, бязглуздых з пункту гледжання беларускай гістарычнай і архітэктурнай традыцыі.
Каб даць магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з пазіцыяй У Папругі па тэме аховы гістарычных і культурных помнікаў і прыняць удзел у яе абмеркаванні, мы размяшчаем на нашым сайце тэкст артыкулу Ў. Папругі, надрукаванага ў 2005 годзе ў часопісе "Архитектура и строительство" Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар: |