Мiсiя МГА „Гiсторыка“:
Разьвiцьцё нацыянальнай гiсторыка-культурнай iдэнтычнасьцi беларускай моладзi шляхам правядзеньня адукацыйна-асьветнiцкiх мерапрыемстваў
Магілёўцы ўшанавалі памяць Цішкі Гартнага ў 70-ую гадавіну яго смерці. Сёння у пячэрскім лесапарку ў Магілёве, як і што год людзі сабраліся, каб ушанаваць памяць першага кіраўніка БССР, які быў закатаваны і скончыў жыццё самагубствам у магілёўскай псіхлячэбніцы. “Звычайна ўсё збіраюцца тут на Радаўніцу, але у гэтым годзе споўнілася 70 год ад дня смерці, таму зрабілі выключэнне”. – адзначыў адзін з арганізатараў акцыі, Алег Дзьячкоў, кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ. “Паводле афіцыйнай вэрсіі Цішка Гартны памёр ад гангрэны лёгкіх, але Валянцін Іванавіч Ермаловіч напрыканцы 80-х гадоў знайшоў супрацоўнікаў магілёўскай псіхлячэбніцы, якія распавядалі пра Цішку Гартнага і паказалі прыкладнае месца яго пахавання. Справа ў тым, што тут пахаваны не толькі Цішка Гартны, тут увогуле брацкая магіла, - кажа Алег Дзьячкоў, і тых каго рэпрэсавалі ў часу сталінскіх рэпрэсій, і тых каго растрэльвалі гітлераўцы.” Памятны знак на прыкладным месцы пахавання быў усталяваны ў 1989 годзе мартыралогам (www.martyraloh.org) Да яго прычыніўся Базыль Камароў, Уладзімер Конанаў і Валянцін Ермаловіч.
Цiшка Гартны (Змiцер Хведаравiч Жылуновiч) нарадзiуся 4 лiстапада 1887 г. у мястэчку Капыль Мiнскай вобласцi. Пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 у газ. «Наша ніва». Першая кніга «Piesni» выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Рэдактар першай бел. бальшавіцкай газ. «Дзяньніца». З кастр. 1918 у РКП(б). З 1.1. да 3.2.1919 старшыня Часовага ўраду Савецкай Беларусі. Потым палітработнік Чырвонай арміі. У 1921 у Бэрліне наладзіў выданьне бел. кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літаб'яднаньня і часопіса «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў нам. наркама асьветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928. Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з (…) нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15.11.1936. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню дзе і памёр. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987. Яго імем названыя вуліцы ў Менску, Капылі. “Гэта вельмі добра, што кожны год тут збіраюцца людзі. І вельмі прыемна тут бачыць маладых людзей. Сваю гісторыю трэба ведаць і шанаваць памяць людзей, якія шмат зрабілі для нашай краіны. І што бы не адбывалася ў палітычным жыцці нашага краю, кожны год тут усё роўна будуць збірацца людзі” – адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі.