Мiсiя МГА „Гiсторыка“:
Разьвiцьцё нацыянальнай гiсторыка-культурнай iдэнтычнасьцi беларускай моладзi шляхам правядзеньня адукацыйна-асьветнiцкiх мерапрыемстваў
Калі запытацца ў зусім незнаёмага мінака, што ў яго выклікае гонар за сябе як чалавека і за сваю краіну, то безумоўна ў першым дзесятку будзе названая "гісторыя". Менавіта гэтая навука, якая трохі падобная на казку, фільм жудасаў і зацяганы раман, збірае ўсе посьпехі і памылкі людзей, каб у патрэбны момант падказаць, што на гэтыя "граблі" чалавек ужо наступаў.
Хаця пры відавочным імкненьні элітаў выкарыстаць карысны вопыт мінуўшчыны, сучасныя філёзафы (той жа Х. Артэга-і-Гасэт) адзначаюць, што зараз нават "самыя культурныя" слаі зьдзіўляюць гістарычным невуцтвам. Што ў такім выпадку казаць пра мясцовыя інтэлектуальныя "вяршкі", але...
Зь нядаўняй гісторыі
Засьнежаным лютым 2002 года амаль паўтара дзясятка ліцэістаў (цяпер яны таксама студэнты) і студэнтаў віцебскага дзяржуніверу гуртам уступілі ў МГА "Гісторыка". Слаўны горад над Дзьвіной ёсьць досыць прыдатнай глебай для нясьпешнай і руплівай дзейнасьці сапраўдных навігатараў гістарычнай спадчыны.
Негледзячы на свой урбаністычы выгляд Віцебск не перастае быць 2-м па старажытнасьці горадам Беларусі і мастацка-архітэктурным музеем на адкрытым паветры. Напрыклад, найдзіце беларускі горад, дзе адначасова ёсьць дзьве ратушы ці дзеючая царква XII стагодзьдзя. За гэтым і не толькі ў Віцебск цягнуцца бесперапынныя плыні гасьцей, для якіх маладыя віцебскія гісторыкі распрацавалі і зладзілі 2 захапляльныя экскурсіі па адметных месцах горада.
Асаблівая ўвага віцебскіх сябраў МГА "Гісторыка" да забытых гістарычных помнікаў. Адным з такіх аб'ектаў ёсьць самы стары некропаль горада - Старасямёнаўскія могілкі. Запачаткаваныя ў якасьці лютэранскага пагоста яны неўзабаве ператварыліся ў полікультурны пахавальны помнік, дзе між іншым знаходзяцца магілы выбітнага мастака Юдэля Пэна і маці латыскага паэта Яніса Райніса. Яшчэ за савецкім часам гараджане, не звяртаючы ўвагі на культурную каштоўнасьць гэтых могілак, сьвядома пачалі зьнішчаць пахаваньні. Цяпер гэты працэс набыў катастрафічныя памеры. Віцебскія сябры МГА "Гісторыка" неаднаразова ўздымала дадзенае пытанне перад мясцовай уладай і грамадзтвам. Кожную вясну ў Міжнародны дзень помнікаў і мясьцінаў і восень пад час Дзён эўрапейскай спадычыны на Старасямёнаўскіх могілках ладзіўся валянтэрскі лагер па добраўпарадкаваньні і перапісе старых пахаванняў.
Акрамя актыўнай працы па ахове і папулярызацыі помнікаў мінуўшчыны Беларусі ў віцебскія сябры МГА "Гісторыка" маюць сур'ёзны навуковы асяродак па актуальных пытаньнях нацынальнай гісторыі. Ужо зараз пасьпяхова рапрацоўваюцца тэмы па нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці пачатку ХХ стагодзьдзя, а таксама рэпрэсіях 1920 - 1930-х гадоў і перыяду нямецкай акупацыі. Асабліва цікавым ёсьць даследваньне прысьвечанае Віцебскаму губрэўкому, заснаванае на малавядомых архіўных матэрыялах.
Погляд у будучыню.
Віцебскія сябры МГА "Гісторыка" знаходзяцца ў стратэгічным пошуку новых ідэяў, новых формаў, новых сяброў, каб самім уласна не стаць здабыткам гісторыі, але заўсёды заставацца актыўнымі і дзейснымі. Файная ініцыятыва была запачаткавана сумесна са Студэнцкім Навуковым Таварыствам "Гісторык" (гістфак ВДУ) ў сьнежні 2004 года - круглыя сталы на актуальныя і нестандартныя гістарычныя тэмы. У іх удзельнічаюць ня толькі сталыя сябры МГА "Гісторыка", але і маладая зьмена, у асноўным І і ІІ гуманітарныя курсы.
У лістападзе 2004 года выйшаў пілётны нумар універсітэцкага гістарычнага таблоіда "NatatniK". Зроблены пакуль што ў форме насьценгазеты ён падштурхнуў гісторыкаўцаў да ідэі гістарычнага альманаха, дзе будуць друкавацца найлепшыя працы маладых дасьледчыкаў.
Летам 2005 года краязнаўчая група з віцебскіх сябраў МГА "Гісторыка", сябрамі МГА "Верас", клюба "Краязнаўца" і нямецкай арганізацыі "Naturschutzjugend" удзельнічала ў гісторыка-экалягічнай вындроўцы па заходняй Віцебшчыне з выніковым музычным фэстам на Браслаўскіх азёрах.
У гэтым годзе таксама будзе адчынены віцебскі віртуальны гісторыка-інфармацыйны цэнтар на партале МГА "Гісторыка". Ёсьць спадзевы, што гэтая он-ляйнавая ініцыятыва ў пэрспэктыве стане асновай для рэальнага цэнтру ў Віцебску.
Сяргей Шэлегаў,
Сябра МГА "Гісторыка", г. Віцебск