Афіцыйная бачына МГА "Гісторыка" Мiсiя МГА „Гiсторыка“: Разьвiцьцё нацыянальнай гiсторыка-культурнай iдэнтычнасьцi беларускай моладзi шляхам правядзеньня адукацыйна-асьветнiцкiх мерапрыемстваў
Галоўная arrow Контрфорс
Аўтарызацыя





Забылі пароль?
Яшчэ не зарэгістраваныя? Рэгістрацыя
Наш Банер

www.historyka.org
Контрфорс
“Наваградзкі замак-2006”: Фэст пад чырвонымі вежамі Версія для друку Адправіць на E-mail
Рэйтынг: / 1

Сябры “Гісторыкі” ў якасьці валянтэраў працавалі на Наваградзкім фэсьце і прывезьлі адтуль шмат уражаньняў. Гэта былі тры дні і две начы, якія наўрад ці хутка забудуцца. Як ўсё было, спытаеце?

Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар:

Падрабязней...
 
Ці лёгка змайстраваць старадаўнюю дуду? Версія для друку Адправіць на E-mail
Рэйтынг: / 1
Адказ на гэтае пытанне ведае студэнт Алесь Сурба


На фэсце старадаўняй культуры ў Лошыцы былі людзі незвычайныя. Рыцары ў жалезных латах, спевакі і танцоры ў сярэднявечных строях — быццам з казкі. Але самую вялікую цікавасць выклікалі музыкі з архаічнымі інструментамі. Зразумела, у краме такіх не купіш. Значыць, трэба майстраваць? А дзе гэтаму навучыцца? І колькі часу гэта займае?
Пра гэта расказвае студэнт чацвертага курса БДТУ Алесь Сурба, які майструе старадаўнія народныя інструменты ўжо больш за два гады.

— Як ты пачаў займацца музыкай і які інструмент быў першым?
— Пачалося ўсё з ранняга дзяцінства. Спачатку рэканструяваў старую гітару, яна і была маім першым іннструментам. Я нават хацеў паступіць ва універсітэт на дрэваапрацоўку. На жаль, не атрымалася, але мара засталася. А потым на 3 курсе пазнаёміўся з Алесем Чумаковым з гурта “Стары Ольса”. Ён паказаў мне асноўныя прынцыпы працы з дрэвам. Першы мой архаічны інструмент — гуслі. Потым я ўжо сам цікавіўся гістарычнымі крыніцамі і паралельна вывучаў гісторыю музыкі. Год таму сустрэўся са знакамітым майстрам Алесем Ласём. У яго вучыўся музыцы, майстраванню музычных інструментаў. Ды і ўвогуле, ён стаў маім настаўнікам па жыцці, за што я яму вельмі ўдзячны.
— Раскажы, калі ласка, з чаго складаецца дуда?
— Асноўныя часткі — гэта жалейка, бурдон, мех і соска. У мех праз соску ўдуваецца паветра, бурдон (спецыяльны ражок) дае пастаянны гук, а на жалейцы граецца асноўная мелодыя.
У чэшскай, нямецкай, польскай і іншых традыцыях выкарыстоўваецца яшчэ спецыяльнае прыстасаванне, якое дазваляе граць, не ўдуваючы паветра ў дуду. Яно мацуецца пад руку, якой можна падкачваць паветра. Такім чынам, можна яшчэ і спяваць. Я рэканструяваў гэтае прыстасаванне па чарцяжах, і яно пакуль што адзінае ў Беларусі.
Зараз Алесь вывучае тэхніку аўтэнтычнага грання на дудзе і паралельна майструе гэты інструмент. Таксама грае на жалейцы і гуслях. Дуда, якую ён паказвае мне — аднабурдонная. У планах Алеся — дуда з трыма бурдонамі.
— Ці ёсць у цябе спецыяльная музычная адукацыя?
— Зразумела, яна б вельмі прыдалася. Але няма. Мне вельмі дапамаглі навыкі грання на гітары. А далей можна вучыцца ў народнай манеры — на слых, як гралі раней. Думаю, што першапачатковай нотнай адукацыі дастаткова, каб вучыцца граць на дудзе.
— А адкуль ты бярэш ноты?
— Крыніц шмат, пачынаючы ад беларускай народнай традыцыі, якую можна знайсці ў энцыклапедыях народнай музыкі, скончваючы кампазіцыямі, якія былі знойдзены ў апошні час Алесем Ласём і Тодарам Кашкурэвічам. Яны ездзілі ў экспедыцыю па вывучэнні дудаў у Лепельскі раён. Зараз сабраная інфармацыя апрацоўваецца, у хуткім часе будзе выданы дыск.
Таксама беларуская дуда дазваляе выконваць еўрапейскія кампазіцыі, якія граліся на аналагічных інструментах кшталту нямецкай дудзельзак ці гішпанскага гайта, чэшскай казы.
— Напэўна, цяжка адшукаць чарцяжы інструментаў, тэхналогію?
— Алесь Лось узяў мяне ў свае вучні і паказвае ўсе тэхналагічныя сакрэты, якія ён напрацоўваў больш за дваццаць гадоў. Спачатку прыходзілася рабіць, як атрымаецца. А зараз я ўсё гэта вывучаю. Канечне, гэта вельмі цяжка, бо шмат прылад прыходзіцца вырабляць самому. Калі ў краме набыць нельга, то прыходзіцца нешта выдумляць, каб было зручней. Думаю, тут мне прыдаецца мая інжынерная адукацыя.
— З якіх матэрыялаў вырабляюцца інструменты?
— Для інструментаў патрэбен клён, а яго, дарэчы, цяжка дастаць і нарыхтаваць. У мінулым годзе была бура — шчасце для музычных майстроў. Бог даў матэрыял, з якім можна працаваць. Ну, і натуральная скура, лак. Часам гэта ўсё можна набыць у звычайнай краме, а часам прыходзіцца шукаць, бегаць, прасіць. Гэта не проста, але ж стараемся, знаходзім.
— А як звычайны кавалак адламанага бурай клёну ператвараецца ў дуду?
— Гэта вельмі доўгі і складаны працэс. Дрэва трэба правільна выбраць, каб яно мела гук. Вельмі важна зрабіць дуду з цэльнага кавалка дрэва, каб там не былі часткі з розных дрэваў ці, яшчэ горш, з розных парод. Бо дуда — гэта цэльны арганізм, дзе працуе ўсё разам. Калі нешта не так, яна пачынае выдаваць нейкія сюрпрызы. Таксама важна правільна высушыць дрэва ў халаднаватым сухім месцы. Кавалак клёну павінен сохнуць тры гады. А далей ужо справа тэхналогіі.
— Якімі прыладамі ты карыстаешся?
— Усё робіцца рукамі, тэхнікі амаль што няма. Маленькі такарны станочак, нож, розныя стамескі, усялякія разцы, шкуркі, цыклі. І вельмі шмат упорства (смяецца). Зразумела, гэта займае шмат часу. Працэс вельмі доўгі, медытатыўны. Адзін толькі ражок для дуды робіцца амаль цэлы тыдзень. Але, пакуль ёсць сілы, рабіць гэта трэба. Галоўнае, укласці ў справу свае пачуцці, душу. Калі інструмент робіш абыякава, ён проста не будзе граць і гэта не будзе інструмент. Тут свая магія ёсць.
— Гэта ж колькі вольнага часу патрэбна! Не шкадуеш, што выбраў такую складаную справу?
— Так, прыходзіцца аддаваць кожную вольную хвілінку на свой занятак. Часу, канечне, не хапае, але, калі ў чалавека ёсць жаданне, час заўсёды знойдзецца. Калі ёсць нейкая мара, ўсё роўна яе трэба дасягнуць, якім бы доўгім ні быў шлях. Я думаю, што іду па дарозе, па якой павінен быў прайсці.
— Што для цябе твой занятак — хобі ці нешта большае? Можа, збіраешся і жыццё звязаць з музыкай?
— Кожны выбірае занятак, які яму падабаецца. Нехта гуляе ў камп’ютэрныя гульні. А для мяне гэты занятак — быццам аддушына. Я трапляю ў свой свет і адчуваю сябе там вельмі ўтульна.
Думаю, што трэба адчуваць музыку, інструменты, таму што часам людзі нават не ведаюць, што гэта такое. А калі раз дакранешся да гэтага, то адарвацца ўжо вельмі цяжка. Нешта проста прымушае цябе брацца за працу, хочацца нешта рабіць. Адчуваеш такое задавальненне, калі інструмент зайграе, калі пачуеш першыя гукі, няхай напачатку і не вельмі прыгожыя. Ў гэтым нешта ёсць, калі нараджаецца інструмент.
— А як да твайго захаплення адносяцца сябры, бацькі?
— У мяне ёсць шмат знаёмых дудароў, напрыклад, мой сябар Юрась Панкевіч, які таксама майструе дуды. Ён вучыўся ў іншага майстра, у яго іншы падыход, але мы ладзім. Часта сустракаемся, граем разам, развучваем нешта. Гэта вельмі цікава. А бацькі вельмі задаволеныя. Бацька мой дапамагае, за што яму вялікі дзякуй. Вось нядаўна набылі з ім такарны станок.
— Можа, ёсць ужо планы наконт выступленняў?
— Пакуль што я не выступаю, толькі вывучаю музычныя кампазіцыі, вучуся ў сваіх сяброў, практыкуюся.Але выступаць, канечне, хачу, таму што патрэбна нейкая аддача, каб можна было нешта чэрпаць у людзях, якім граеш. Вельмі прыемна бачыць задавальненне слухачоў. Трэба быць на віду, каб папулярызаваць стыль.
У мяне ўжо былі спробы граць у гуртах. Зараз я часам граю ў гурце “Келіх кола”. А зараз у мяне ёсць сябры, якія граюць на дудах. І я думаю, што мы створым нешта цікавае. У нас зараз склалася добрая традыцыя збірацца і граць у гарадскіх парках. Прыходзяць людзі, якім гэта цікава. Думаю, што гэтыя сустрэчы з часам перальюцца ў нешта большае.
— Але ж існуе такое меркаванне, што сучасная культура — масавы прадукт, “папса”. Ці знойдзецца ў ёй месца для дуды?
— У сваім жыцці кожны чалавек праходзіць праз нешта простае. Гэта такая прыступачка. Існуюць розныя інтэлектуальныя пласты музыкі: ёсць больш простая, ёсць складаная. Каб дайсці да складанай музыкі, трэба прайсці праз зразумелую. Думаю, гэта нармальна, бо не ўсе гатовыя адразу перайсці на нешта сур’ёзнае. Добра, калі ёсць гурты с папсовай музыкай, і добра, калі з сур’ёзнай. Напрыклад, не ўсе яшчэ дараслі да ўзроўню капелы Алеся Лася. Але спрос на інтэлектуальную музыку павышаецца.
— А якую музыку слухаеш ты сам? І ці бярэш з каго-небудзь прыклад?
— У мяне ёсць даўні ідэал — гурт “In Extremo”, які грае металічную музыку. Яны прафесіяналы, і менавіта праз іх творчасць я прыйшоў да свайго захаплення — да фольку.
— Зараз стала модным уступаць у рыцарскія клубы. А ў цябе не ўзнікала думка гэтым заняцца?
— У мяне ёсць сябры, якія займаюцца ў рыцарскіх клубах. Гэта вельмі цяжка, таму што яны цэлымі днямі сядзяць і стукаюць жалеза. Мне ажно не па сабе становіцца, як пагляджу на іх. Гэта вельмі адважныя і настойлівыя людзі, бо бяруцца за такую справу, робяць сабе латы два-тры гады. Думаю, гэта стыль жыцця. А ў мяне ёсць свая справа, якая вельмі падабаецца.
— Якое месца, на твой погляд, займае старадаўняя музыка ў сучаснай беларускай культуры?
— Мне здаецца, што зараз ёсць міравая тэндэнцыя, накіраваная супраць татальнай глабалізацыі. Людзі пачынаюць глядзець на сябе, на сваю культуру, і гэта заканамерна. У нас таксама прыглядаюцца да народнага, нацыянальнага, пачынаюць цікавіцца, вывучаць. На гэтай глебе з’яўляюцца новыя музычныя майстры і выканаўцы.
Рэканструкцыю дудовай музыкі ў нашай краіне пачыналі Алесь Лось і яго вучань Тодар Кашкурэвіч. Яны ладзілі першыя ў Беларусі дудовыя фестывалі. Зараз ужо ствараецца вельмі шмат гуртоў. Канечне, не ўсім хапае прафесіяналізму, але ўсё прыйдзе з часам. Галоўнае, каб было жаданне, а жаданне ёсць. І ёсць спрос. Гэта вельмі добра, бо музыкі — людзі творчыя, яны трацяць сябе, калі не рэалізуюцца.
Увогуле, дуда — вельмі сур’ёзны інструмент. Яна дазваляе нам адчуць нашых продкаў. А навучыцца граць на ёй няцяжка. Галоўнае — адчуць містыку грання, меладызм. Гэта ў большай ступені духоўная рэч, чым матэрыяльны занятак.
volnaja

Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар:

 
Народ для ўрада? Версія для друку Адправіць на E-mail
Рэйтынг: / 0
400 гадоў таму пачалося паўстаньне
магілёўскіх мяшчанаў і беднаты супроць магістрату

Магілёў 400 год таму

Магілёў — горад з вельмі славутай гісторыяй. Горад-абаронца на нашых усходніх межах, які зашмат зьведаў ад варожых нашэсьцяў.
У канцы XVI - пачатку XVII стагоддзя Магілёў уяўляў сабой магутную фартэцыю й вялікі гандлёва-рамесны цэнтар на абшарах Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай.
У 1561 годзе Магілёў атрымаў ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Аўгуста права на войтаўства, у 1577 годзе Сцяпан Батура надаў гораду поўнае магдэбурскае права. У Магілёва з’явіўся ўласны герб з выявай мураванай вежы на блакітным полі з надпісам “ Печать места Магилевского”. Быў прывілей на два кірмашы на год, горад спецыялізаваўся на апрацоўцы футра, а ў 1595 годзе ў горадзе налічвалася блізу 400 крамаў.
Горад хутка разрастаўся: 1577 год — у Магілёве 1261 жылы дом, у 1588 — 1500 жылых дамоў, а ў 1604 годзе было 2211 жылых дамоў (гэта больш за 15 тысячаў жыхароў, асноўная частка якіх вызнавалі праваслаўную царкву, але былі й юдзеі, і каталікі, і пратэстанты). У канцы XVI - пачатку XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 70-80 рамесных сьпецыяльнасьцяў, напачатку XVII стагоддзя налічвалася блізу 15-17 рамесных цахоў.


Падзеі паўстаньняў (1606-1610 гг.)

Паўстаньне 1606-1610 годаў пачалося з-за таго, што магістрат не жадаў дапускаць рамесьнікаў і беднату да кіраваньня горадам: “раду мескую сами межи собою ... собе обирают” і “тлумечы вольные голоса” сярэдніх і ніжэйшых станаў “при каждой схажце”.
Кіраўніком паўстаньня напачатку быў Стахор Міткавіч, стараста цэха саладоўнікаў. Выступленьні рамесьнікаў і гарадзкой бядноты пачаліся на гарадзкой плошчы 19, 20 і 22 чэрвеня. 25 чэрвеня паўстанцы выступілі супроць усяго магістрата й войтаўскай улады Яраша Валовіча, а ўжо 15 ліпеня 1606 года скінулі гарадзкую раду й пачалі абіраць новы магістрат, не зважаючы на правілы, ўведзеныя Жыгімонтам IV Вазам, аб прысутнасьці ў радзе адукаваных і заможных мяшчанаў. Паўстанцы жа пасадзілі “людей леких, права и письма не умеетных”. Але былыя “радныя” і заможныя мяшчане падалі скаргі на новы склад рады да войта Яраша Валовіча, а той 11 верасьня 1606 года адхіліў новы склад магістрату і на 16 верасьня прызначыў новыя выбары ў мяшчанскія органы самакіраваньня, але яны не адбыліся.
У справу ўмяшаўся Жыгімонт Ваза. Канфлікт павінен быў вырашацца ў вялікакняскім судзе. 6 чэрвеня 1607 года вялікі князь літоўскі выдаў ахоўную грамату магілёўцам, якія ня слухаліся паўстанцкай рады.
22 жніўня 1608 года ў канцэлярыі ВКЛ, пры ўдзеле канцлера ВКЛ і магілёўскага старосты Льва Сапегі й упаўнаважаных бакоў, была падпісана дамова, па якой паўстанцкая рада павінна была дапрацаваць свой тэрмін (да 11 лістапада 1608 г.), а бурмістар Ходзька Багданавіч, па вялікакняскаму лісту, караўся сьмерцю. Нягледзячы на замірэньні з вышэйшымі мяшчанскімі коламі, барацьба рамеснікаў і бядноты працягвалася. Яна доўжылася да восені 1610 года.
Улетку 1610 года Жыгімонт Ваза, вялікі князь літоўскі, выдаў грамату, па якой пры дапамозе вайсковых сродкаў хваляваньні ў Магілёве павінны былі быць скончаны. Грамата адрасавалася Ярашу Валовічу. Зачыньшчыкаў хваляванняў Івана Хартовіча, Мікіту Мілковіча, Максіма Талбішава, Гаўрылу Івановіча, Міхала Чабатара, Лавара Міхайловіча і Ісая Шчаснага судзілі за тое, што “ня ладзілі з магістратам, плаціць падаткаў .., выконваць розныя павіннасьці ... не жадалі .., на ратушу й магістрат нападалі, да гвалту перад ратушаю заклікалі, на судовую хату напалі, дзьверы адбілі ...”
Прысуд быў наступны: усіх, акрамя Лавара Міхайловіча й Ісая Шчаснага, пакараць сьмерцю на Іллінскай гары, а застаўшыхся выгналі, пасля гадавога арышту і пабояў.


Яшчэ не канец...

Але гэтым усё ня скончылася... Жонкі былых паўстанцаў падалі іскі аб вяртаньні маёмасьці ажно вялікаму князю Жыгімонту. Жыгімонт адмяніў прысуд Яраша Валовіча й новага магістрата, вярнуў выгнаньнікаў і аддаў ім сканфіскаваную маёмасьць.
Шэраг паўстаньняў 1606-1610 гадоў у Магілёве сьведчыць аб з’яўленьні значных супярэчнасьцяў паміж сярэднімі, ніжэйшымі станамі горада і вышэйшымі, заможнымі коламі феадальнага горада. Гэтыя супярэчнасьці і сутыкненьні можна тлумачыць, як фармаваньне ў гарадах ВКЛ дзьвюх класаў капіталістычнага грамадзтва: буржуазіі й пралетарыяту.

kandratowic

Колькасць каментароў (0) - Ваш каментар:

 
Апытанні
Якім чынам Вы хацелі б даведвацца пра будучыя мерапрыемстры МГА "Гісторыка"?

Спасылкi
Радзіма майго духу
ЗАТЕРЯННЫЙ МИР
Архітэктура Гродна. Гісторыя і сучаснасць. БМР
Хапун
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
Музычнае таварыства 'Ліра'.*English version is not available. Learn Belarussian, please...
Матэрыялы могуць адлюстроўваць толькі думку іх аўтараў і публікавацца ў парадку абмеркавання. Перадрук - толькі са спасылкай на сайт МГА "Гісторыка"
© 2010 Афіцыйны сайт МГА „Гісторыка“ , E-mail:info@historyka.org
Design by: ArtDes
Каталог на Inter.by Rating All.BY